Зямля бацькоў, святая

Зямля бацькоў, святая…: зборнік вершаў пра малую Радзіму / [укладанне В. Шніпа; мастакі: А. Астаповіч і інш.]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2018. – 142, [1] с.. – (100 вершаў)

У Беларусі 2018-2020-ыя гг. аб’яўлены Гадамі малой радзімы. У сувязі з гэтым актыўна праводзяцца конкурсы і мерапрыямствы, пішуцца адпаведныя творы, выдаюцца празаічныя і паэтычныя зборнікі.

Калектыўны зборнік паэзіі “Зямля бацькоў, святая…” – гэта сумесны праект выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выдадзены ў 2018 годзе, прымеркаваны да Года малой радзімы. У ім пад адной вокладкай змешчана 100 вершаў творцаў розных пакаленняў: Канстанцыі Буйло, Пятруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Навума Гальпяровіча, Анатоля Вярцінскага, Васіля Зуёнка, Янкі Сіпакова, Уладзіміра Карызны, Міколы Маляўкі, Мар’яна Дуксы, Казіміра Камейшы, Віктара Гардзея, Раісы Баравіковай, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Башлакова, Уладзіміра Марука, Міколы Мятліцкага, Міхася Пазнякова, Станіслава Валодзькі, Уладзіміра Мазго, Міколы Шабовіча, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Дзмітрыя Пятровіча і Аксаны Спрынчан.

У кожнага чалавека ёсць мясціна, дзе ён нарадзіўся. Гэта можа быць вёска, мястэчка, гарадок, або вялікі горад. І з гэтых дарагіх і любімых кожнаму з нас мясцін складаецца наша Радзіма – Беларусь. Вершы зборніка распавядаюць пра тыя мясціны, дзе кожны з аўтараў пабачыў свет. Тут можна знайсці шмат адрасоў малой радзімы, багатую літаратурную геаграфію беларускага краю: Уладзімір Караткевіч запрашае нас у сваю родную Оршу, Максім Танк – на любую Мядзельшчыну, Уладзімір Мазго – у Зэльву, Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін – у іх маленькую Вушаччыну, а Янка Сіпакоў здзяйсняе падарожжа па старажытным Тураве.

Дапаўняюць вершаваныя радкі цудоўныя рэпрадукцыі карцін Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Леаніда Шчамялёва, Аркадзя Астаповіча і іншых беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Зборнік “Зямля бацькоў, святая…” вызначаны пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2018” у спецыяльнай намінацыі “Сцяжынкамі роднага краю”.

Пазнаёміцца са зборнікам вершаў пра малую радзіму можна ў абанементным аддзеле па адрасе: ул. Карбышева, 17.