Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі

Гапеева, В.  Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі / Вольга Гапеева. Мінск : Галіяфы, 2020. 76 с.

Новая кніга беларускай пісьменніцы Вольгі Гапеевай  — гэта шэсць чароўных гісторый для дзяцей і не толькі. Дзівосныя насельнікі маленькага казачнага свету, створанага ці, можа, прыснёнага аўтаркай, — слімак Раджэш, няпарная Шкарпэтка, хамелеон Луіза,   маленькая Авакада, Птушка з “няправільным” крылом ды іншыя. Усе яны любяць разважаць над вечнымі (і не вельмі) праблемамі быцця і перажываюць тое, што знаёма шмат каму з нас — маленькім і дарослым.

Няпарную Шкарпэтку ніхто не можа набыць, таму яна жыве на фабрыцы і вельмі пакутуе ад сваёй адзіноты.  Аднойчы яна прымае рашэнне паспрабаваць пераканаць сваіх парных каляжанак у тым, што правілы і традыцыі могуць мяняцца…

Вельмі выхаваны, тактоўны слімак Раджэш лічыць, што ўсе павінны сябраваць і любіць адно аднаго. У той жа час Раджэш амаль ніколі не бывае задаволены сабой: то ён спазняецца, то не паспявае нічога дарабіць, то сядзіць без справы… І вельмі здзіўляецца, калі пчолка-бібліятэкар гаворыць яму: “Ну ты ж не сябруеш з сабой, значыцца, не можаш патрабаваць гэтага ад іншых”.

У адным горадзе жыве незвычайная Птушка —  адно крыло ў яе  белае, а другое — чырвонае. Іншыя птушкі, у якіх абодва крылы  белыя, часта смяюцца  з яе. Аднойчы вечарам Птушка пазнаёмілася з Ветрам і ён прызнаўся, што яму вельмі падабаюцца тыя займальныя гісторыі, што прыдумляе і расказвае Птушка. Вецер запрасіў Птушку на канцэрт у гарадскую ратушу, дзе ім было вельмі добра быць разам. Яны маглі стаць сапраўднымі сябрамі, але пакуль што гэтага не здарылася. Хочаце ведаць, чаму? Прачытайце гэтую неверагодную гісторыю.

Чаму? Навошта? Як? І няўжо? Калі ў Вас жыве філосаф, пазнаёмцеся з мудрай і кранальнай кнігай Вольгі Гапеевай  пра вельмі важныя рэчы. Для гэтага наведайце дзіцячы філіял абласной бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25.