Прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына “Сэрца замірае ад тугі”

Для супрацоўнікаў ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” 28 ліпеня прайшоў факультатыў па краязнаўству “Сустрэча з мінулым і сучасным”. На мерапрыемства быў запрошаны беларускі паэт, літаратуразнаўца, гісторык, журналіст Сяргей Мікалаевіч Чыгрын. Пісьменнік прэзентаваў кнігу паэта з Навагрудка Самсона Пярловіча “Сэрца замірае ад тугі”. У прадмове да кнігі Сяргей Мікалаевіч знаёміць чытачоў з лёсам Самсона Пярловіча, які ў сваім жыцці прайшоў праз шматлікія выпрабаванні і пакуты, найбольшыя з іх былі – гітлераўскія і сталінскія лагеры.

“Каб ушанаваць памяць пра гэтага чалавека, я вырашыў сабраць яго лепшую літаратурную працу пад адну вокладку. Матэрыял збіраўся шмат гадоў” – адзначыў С. Чыгрын.

У выданне ўвайшлі вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць “Да белых мядзведзяў”, а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам.

На прыканцы сустрэчы аўтар падзяліўся планамі на будучыню і падараваў сваю кнігу з аўтографам раённай бібліятэцы. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Сайчык пажадала пісьменніку творчага натхнення і плённай працы, а кнізе “Сэрца замірае ад тугі” – знайсці дастойнае месца сярод лепшых літаратурных выданняў Беларусі.