Прэзентацыя кнігі “Даверлівы дыялог”

21 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзілася прэзентацыя кнігі “Даверлівы дыялог” лідскай паэткі Ірыны Уладзіміраўны Маркевіч.

Гэта кніга самабытная і непаўторная, аўтар мае свой голас, свой почырк.

У кнігу ўвайшлі цыклы вершаў “Радзіма малая нас ацаляе” і “Дакудаўскія краявіды”, якія прысвечаны наднёманскай прыродзе, побыту вясковых людзей. У гэтых радках прыроджаны аптымізм, высакародныя памкненні і ўчынкі, душэўная чысціня, нязменная любоў да родных мясцін.

У цыкле вершаў “Настальгія кахання” паэтка імкнулася апісаць самыя розныя адценні гэтага пачуцця: радасць і шчасце, гора і сум, смутак і разлуку…

Доўгі час Ірына Маркевіч працавала настаўніцай. Школьная тэма ўвайшла ў цыкл вершаў “Гоман школьнага жыцця”, дзе адлюстроўваюцца важныя школьныя падзеі, цікавыя гісторыі і дзіцячыя ўражанні.

Цыкл “Па жыццёвых каляінах” сабраў розныя абразкі з жыцця як для дзяцей, так і для дарослых.

З выданнем кнігі Ірыну Уладзіміраўну прыйшлі павіншаваць калегі – ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Суквецце”. Увазе прысутных быў прадстаўлены буктрэйлер па кнізе “Даверлівы дыялог”, які падрыхтаваў аддзел бібліятэчнага маркетынгу Лідскай бібліятэкі.