Паэзія маёй душы

Філіял “Альхоўская сельская бібліятэка” сумесна з аддзелам культуры сабралі людзей сталага ўзросту на бібліятэчны самавар “Паэзія маёй душы”.

Для гасцей падрыхтавалі займальнае мерапрыемства, прысвечанае паэзіі. Конкурсы “Крытык”, “Хто аўтар”, “Белы верш” і розныя віктарыны чакалі прысутных. Не абышлося і без творчай часткі: удзельнікі мерапрыемства спявалі вядомыя песні, прыгадвалі, на чые словы створаны музычныя кампазіцыі. Праца ў камандах “Муза” і “Ліра” падаравала сапраўдны запал, з вялікім захапленнем госці бібліятэкі спаборнічалі ў веданні літаратуры. Безліч імён знакамітых паэтаў было прыгадана. Пагаварылі і пра класічную літаратуру, а пасля звярнуліся да сучаснай беларускай і рускай творчасці.

Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Паэзія маёй душы”, на якой былі прадстаўлены творы антычных паэтаў, творы аўтараў 19 стагоддзя, сучасных беларускіх паэтаў.