Кветкавы калейдаскоп

Астравецкая раённая бібліятэка 14 ліпеня падрыхтавала ў гарадскім скверы бібліятэчную мазаіку “Быть может, вся природа – мозаика цветов”, прысвечаную кветкам. Удзельнікаў здзівіла незвычайная выстава “Цветы – стихи природы”, у якую ўвайшлі часопісы па садаводстве, энцыклапедыі раслін, тэматычныя газеты. Не абышлося і без жывых кветак, якія ўпрыгожылі пляцоўку. З вялікім запалам удзельніцы абмяркоўвалі дэкаратыўныя расліны, дзяліліся вопытам вырошчвання, чыталі вершы пра кветкі.

Цікавым момантам стала правядзенне віктарыны. На пляцоўцы запанаваў сапраўдны дух спаборніцтва. Розныя заданні, каверзныя пытанні, загадкі – усё падагравала цікавасць да тэмы. Таксама на імя кожнай удзельніцы была падрыхтавана адпаведная кветка.

Прадстаўнік раённага Савета ветэранаў Ірына Баляславаўна Шляхтун расказала пра свае любімыя кветкі: касачы, лілеі, півоні. Яна падзялілася вопытам вырошчвання і догляду. А пасля прывяла некалькі кароткіх легенд аб паходжанні назваў раслін.

Актыўная чытачка раённай бібліятэкі Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч сабрала букет з лекавых раслін, такіх як мята, зверабой, сухацвет, календула і паведаміла аб уласцівасцях кожнай, аб важнасці і патрэбнасці.

Кажуць, што дзеці – гэта кветкі жыцця. Таму для іх была арганізавана спецыяльная пляцоўка. Тут маленькія аматары кветак маглі намаляваць любімую кветку або цэлы букет, а пасля падараваць малюнак матулі.

Заканчвалася мерапрыемства песнямі і танцамі. Імпрэза падаравала добры настрой і зарад пазітыву на ўвесь дзень.