Яны ўзбагацілі літаратуру Гродзеншчыны: Пётр Сямінскі

У Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага прайшоў вечар памяці паэта, празаіка, драматурга Пятра Сямінскага.

Творчы, светлы, працавіты, шчыры, уважлівы і актыўны чалавек. Фізік з душою лірыка – так называлі Пятра Яраслававіча калегі і сябры. Уладальнік ганаровага тытула “Бронзавае пяро Беларусі”, лаўрэат конкурсу “Залаты Купідон” у намінацыі “Прыгодніцкая літаратура і фантастыка”, пераможца ў намінацыі “Проза” абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі – толькі частка ўзнагарод пісьменніка.

На мерапрыемстве гучалі паэтычныя прысвячэнні Пятру Сямінскаму, гісторыі з яго жыцця, успаміналіся фрагменты з сумесных праектаў і выступленняў, і, канешне, яго вершы і песні. Сярод гасцей былі калегі з Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члены Гродзенскага гарадскога літаратурнага аб’яднання “Надзея”, паэты літаратурнага кафэ “Три свечи”, навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа № 34 г. Гродна”, у якой Пётр Яраслававіч працаваў настаўнікам.

Кнігі Пятра Сямінскага, а таксама выданні, прысвечаныя яго жыццёваму і творчаму шляху, былі паказаны на тэматычнай выставе “А жизнь хороша моментами…”.

Выказваем шчырую падзяку за падрыхтоўку мерапрыемства Кебіч Людміле Антонаўне, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, і адміністрацыі ДУА “Сярэдняя школа № 34 г. Гродна”.