У абласной бібліятэцы чыталі творы да Года малой радзімы

22 снежня ў абласной бібліятэцы прайшло заключнае мерапрыемства ў рамках абласной акцыі “Чытаем разам”, прысвечанае Году малой радзімы.

Цудоўны вечар сабраў у адным зале людзей, чыя сэрцы напоўнены самым яскравым і цёплым пачуццём – любоўю. Канешне, яна бывае для кожнага свая: да каханых і блізкіх, да матулі з татам, да дзяцей, да жывёл, прыроды, чагосьці салодкага або чагосьці натхняльнага… Але ёсць любоў вельмі асаблівая, якая кранае не аднаго, а мноства людзей адразу – любоў да свайго краю.

У госці да бібліятэкі завіталі вучні і настаўнікі Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, прадстаўнікі гродзенскай арганізаціі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, а таксама намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт і публіцыст Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык.

 

Сустрэча прайшла ў сяброўскай утульнай атмасферы і падарыла мноства прыемных хвілін кожнаму з прысутных. Выступоўцы душэўна чыталі вершы класікаў і сучаснікаў пра Беларусь і Гродзеншчыну, вельмі прыгожа спявалі і гралі. Гучалі радкі з твораў Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Дануты Бічэль-Загнетавай і іншых паэтаў, якія закранулі сваёй шчырасцю і сардэчнасцю.

Вечар стаў яскравай кропкай у чарзе мерапрыемстваў абласной бібліятэкі і пакінуў добры святочны настрой усім удзельнікам.