Сад з матылькамі

Бунта, Т. П. Сад з матылькамі : [аповесць-казка] / Тамара Бунта ; мастак Аксана Аракчэева. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2020. – 142, [1] с.  

Галоўная гераіня кнігі – дзяўчынка Даша – разумее мову дрэў, кветак, птушак, жукоў, матылькоў і робіць для іх шмат добрых спраў. Яе прыгожы дом пад высокім чырвоным дахам аздоблены вытанчанай разьбой і нагадвае казачны церам. А побач з ім – цудоўны сад, поўны дзіўных матылькоў. Усе насельнікі саду лічаць, што Даша – іх Прынцэса – самая шчаслівая на свеце, бо ездзіць на вазку. Але яны не разумеюць, што вазок гэты – інвалідны…

Даша вельмі хацела пайсці ў школу, аднак і дзеці, і настаўніца сустрэлі яе насцярожана, непрыязна і пачалі наўмысна ігнараваць яе. І праз тры тыдні яна  вымушана была перайсці на дамашняе навучанне. Вось таму ўсе сябры дзяўчынкі –  мурашы, багоўкі, жукі і матылькі…

Аднойчы Даша сустракае няшчаснага вусеня з чорнымі рожкамі па ўсім тулаве. Дзяўчынка спрабуе растлумачыць вусеню, што ён не агідная пачвара, а найпрыгажэйшая істота ў іх садзе, матылёк Паўлінава вока, трэба толькі крыху пачакаць. Але вусень не верыць у гэта і хаваецца ад усяго свету ў кукалцы. Аднак Прынцэса саду робіць усё, каб Чорныя Рожкі атрымаў сваё шчасце..

Кніга разлічана на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Пазнаёміцца з гэтым цудоўным і светлым творам запрашаем у дзіцячы філіял абласной бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25.