Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства

Грушэцкі, А. Л. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства / Алег Грушэцкі. – М.: Чатыры чвэрці, 2021. – 222 с.

Галоўныя героі кнігі Янка і Мілана прыязджаюць на летнія канікулы ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы старажытнае люстэрка. Праз гэтае  загадкавае люстэрка дзеці трапляюць у іншасвет ─ таямнічае каралеўства Сварга. Яно  нагадвае беларускае Сярэднявечча і адначасова казачны свет, дзе ўсё жывое размаўляе чалавечай мовай, дзе жывуць дужыя рыцары, Цмок, міфічныя істоты з беларускіх паданняў: волат Вярнігара, вужалкі, ваўкалакі, лясун, багнік Кадук… Тое, калісьці шчаслівае ды славутае каралеўства, падманам і падступствам захапіў злы, хітры і падступны чараўнік Волх, які ўтрымліваецца на троне пры дапамозе чарадзейства і бязлітасных чорных ваўкалакаў, ды трымае ўсіх мірных жыхароў каралеўства ў спалоху..

Паводле  старажытнага падання, якое захавалася ў мудрага Пугача, менавіта Янку і Мілане належыць выратаваць каралеўства. Дзеці рашуча накіроўваюцца ў небяспечнае падарожжа — праз страшны Чорны Лес і праз топкае балота брыдкага багніка Кадука. Янку і Мілану чакаюць неверагодныя прыгоды, рыцарскія бітвы, таямніцы, складаныя загадкі-галаваломкі, барацьба за волю і вызваленне краю ад злога чарадзея і ненавісных чорных ваўкалакаў. Але прыгоды і бітвы, пераадоленне ўласных страхаў і перашкод толькі гартуюць, і зробяць са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі сапраўдных герояў.

Прыгодніцкае фэнтэзі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» разлічана на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, будзе цікавым і іх бацькам: кніга вучыць нестандартна  мысліць, знаходзіць выйсце ў самых складаных сітуацыях, думаць і клапаціцца найперш пра тых, хто побач.

Запрашаем наведаць дзіцячы філіял бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25 і пазнаёміцца з гэтай сапраўды цікавай, захапляльнай гісторыяй.