Прынцэса : маленькая аповесць з прызнаннем і загадкай

Ждан, А. А. Прынцэса : маленькая аповесць з прызнаннем і загадкай / Алег Ждан ; маст. Святлана Стахоўская ; пер. з рус. Алеся Карлюкевіча. Мн : Звязда, 2021. 80 с.

Героі кнігі –  васьмікласнікі  Андрэй Бабушкін, Лёха Касценчык, Юра Салавей і Мішка Сідарчук па мянушцы Пельмень – сябры. У кожнага з іх свой характар, свае адносіны да вучобы і свае таленты. Мішка – выдатны спартсмен, будучы “гонар рэспублікі”. Юра  –  капітан школьнага КВЗ і брэйн-рынга, выдатна гуляе ў шахматы. Андрэй нядрэнна піша вершы, а Лёха ўмее падрабляць галасы настаўнікаў і паказваць фокусы. Сяброў аб’ядноўваюць не толькі вучоба і агульныя справы: яны закаханы ў адну і тую ж дзяўчынку – аднакласніцу Алёнку Гушчыну. І не выпадкова: Алёнка – разумніца, выдатніца, прыгажуня, “самая прынцэсная з усіх прынцэс”.

Аповед пра вясёлыя і сур’ёзныя, а падчас нават сумныя  гісторыі, якія здараюцца з падлеткамі на працягу навучальнага года, вядзецца ад імя Андрэя Бабушкіна.

Ці змогуць Юра, Мішка і Андрэй абараніць сваю класную кіраўніцу ад школьнага хулігана Сямёна Гаркача? Чаму Мішка Пельмень перайшоў у іншую школу, і як на гэтую падзею адрэагавалі яго аднакласнікі і настаўнікі? Каму з чатырох закаханых у яе сяброў адкажа ўзаемнасцю Алёнка? Калі вы хочаце атрымаць адказы на гэтыя пытанні і проста атрымаць пазітыўныя эмоцыі ад сустрэчы з добрай кнігай – чытайце аповесць “Прынцэса” беларускага пісьменніка, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Алега Ждана.

Гэтая цікавая кніга прыйдзецца даспадобы падлеткам – аматарам гісторый пра школьнае жыццё, сяброўства і першае каханне.

З кнігай можна пазнаёміцца ў дзіцячым філіяле па адрасе: вул. Савецкая, 25.