Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх! Кн. 1

Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх! Кн. 1 / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; склад.: А. М. Літвін, А. А. Крыварот, К. Д. Ганчарэнка ; рэдкал.: А. А. Каваленя (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2020. – 451, [1] с. : іл.

У багата ілюстраваным і фактычным выданні прадстаўлены ўспаміны і дакументальныя матэрыялы, сабраныя ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ў рамках ініцыяванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ўсебеларускай акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!” з мэтай увекавечання і захавання гістарычнай памяці аб удзеле беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

За “круглым сталом” навукоўцы абмяркоўвалі змест паняццяў “гістарычная памяць”, “гістарычная памяць беларускага народа”, “гістарычная памяць аб Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах” і прыйшлі да высновы, што памяць чалавека мае гістарычную прыроду, яна сацыяльна абумоўлена і цесна звязана з характарам яго дзейнасці. Памяць звязвае элементы жыццёвага вопыту чалавека ў адзінае цэлае, з’яўляецца адной з важнейшых неабходных перадумоў фарміравання яго асобы. Сацыяльная памяць – аснова і ўмова існавання індывідуальнай памяці чалавека. А пад гістарычнай памяццю як складаючай часткай сацыяльнай памяці мы разумеем памяць аб гістарычных падзеях мінуўшчыны.

Аўтары кнігі даносяць думку, што трэба наладжваць сувязі з раёнамі, якія займаюцца падрыхтоўкай матэрыялаў для выдання “Памяць”, каб яны ўносілі праўкі, удакладнялі і дапаўнялі новымі звесткамі напісанае. Канчатковымі вынікамі працы павінна стаць стварэнне на ўзроўні раёна, сельсавета, вёскі гістарычных нарысаў і кніг. Без удзелу прадстаўнікоў з месцаў гэтую працу выканаць на дастатковым узроўні немагчыма. Навукоўцы заклікаюць падтрымліваць гэты рух, бо толькі тады чалавек будзе ганарыцца сваёй гісторыяй, гісторыяй сваёй сям’і, вёскі, горада і будзе ведаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Кожны грамадзянін Беларусі павінен не толькі ведаць і ганарыцца, але растлумачыць любому тэрмін “рэспубліка-партызанка”. Што гэта не ідэалагічны штамп, а гаворачы сённяшнімі словамі – брэнд, які паказвае ўсяму свету, што здзейсніў беларускі народ, тры гады змагаючыся з нацысцкай навалай.

Пошук звестак, дакументаў, выданне брашур, кніг, стварэнне дакументальных і мастацкіх кінафільмаў будзе спрыяць не толькі ажыўленню цікавасці, але і паглыбленню нашых ведаў.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў: прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў, студэнцкую і вучнёўскую моладзь, рэкамендаваны для выкарыстання ў навукова-даследчай рабоце і навучальным працэсе.

Пазнаёміцца з выданнем “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх! Кн. 1”  можна ў аддзеле абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.