Максім Багдановіч

Максім Багдановіч / [укладальнік М. Бараноўскі]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2021. – 328 с.. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі)

У кнізе Міхаілам Бараноўскім, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, здзейснена спроба аднавіць жыццяпіс кароткага, але насычанага жыцця геніяльнага і любімага многімі паэта, сабраўшы пад адной вокладкай сотню храналагічна змешчаных архіўных дакументаў, артыкулаў, лістоў, успамінаў, дакументальных сведчанняў, фрагментаў навуковых даследаванняў, фотаздымкаў з фондаў музея, іншых устаноў і прыватных калекцый, а таксама мастацкіх твораў з прывядзеннем бібліяграфіі кожнай выкарыстанай крыніцы.

Так як Максім Багдановіч большую частку жыцця жыў і пісаў па-за межамі Радзімы, то і ўспамінаў аб ім захавалася няшмат. Не пашкадаваў лёс і ўласны архіў паэта: рукапісы і асабістыя лісты зніклі альбо былі знішчаны цягам Другой сусветнай вайны. Даследчыкам прыйшлося прыкласці вялікія намаганні, каб сабраць нешматлікія сведчанні аб беларускім пісьменніку і яго цудам ацалелых рэчах – зараз каштоўных артэфактах.

Частка прыведзенай інфармацыі добра вядомая прыхільнікам Багдановіча па кнігах, якія выходзілі раней. Але можна быць упэўненымі, што нават самыя дасведчаныя багдановічазнаўцы знойдуць у ёй незнаёмыя для сябе звесткі аб сямейных адносінах пісьменніка, яго сябрах, вучобе, выхаванні, працы, вытоках таленту, асабістым жыцці, дзённікавых запісах, успамінах, выяўленых нядаўна, і невядомых раней творах паэта.

У змешчаных на старонках выдання тэкстах, дзе гэта было магчыма, захавана мова арыгінала, а таксама асаблівасці пісьма, аўтарскай граматыкі і пунктуацыі. Частка інфармацыі пададзена на рускай мове.

Дакументальны характар кнігі не робіць яе змест сухім і манатонным. Наадварот, многім давядзецца змагацца са сваімі эмоцыямі, бо некаторыя сведчанні нечаканыя і дзіўныя, а некаторыя – даволі супярэчлівыя, таму цікаўны чытач будзе вымушаны параўноўваць версіі, суадносіць факты, аналізаваць, разважаць і спрабаваць самастойна зрабіць выснову аб праўдзівасці прыведзенай інфармацыі.

Выданне аздоблена больш за сотню арыгінальнымі фотаздымкамі і іх электроннымі копіямі, што захоўваюцца ў архіве Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Многія з іх былі знойдзены зусім нядаўна і дэманструюцца ўпершыню.

Пазнаёміцца з чарговым выданнем серыі ЖЗЛБ, адрасаваным ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, яе класікамі і ўласна постаццю М.Багдановіча, можна ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.