Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях

Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях: [500-годдзю беларускага кнігадрукавання, запачаткаванага Францішкам Скарынам прысвячаецца] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; [укладальнікі: А. А. Жлутка (адказны рэдактар) і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2020. – 509, [2] с.

З нагоды 530-годдзя з дня нараджэння дзеяча сусветнага маштабу, перакладчыка і выдаўца Бібліі, навукоўца і дыпламата Францыска Скарыны прапануем прачытаць кнігу “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам і дадаткам найбольш поўнага для свайго часу збору пісьмовых біяграфічных крыніц. 85 дакументаў і наратыўных сведчанняў з архіваў і бібліятэчных сховішчаў Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі, Італіі, Чэхіі па біяграфіі беларускага першадрукара – “Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў” (1988). Перагледжаныя, папраўленыя і дапоўненыя матэрыялы ў новым выданні ілюструюцца рэпрадукцыямі крыніц і публікуюцца ў адпаведнасці з новымі археаграфічнымі нормамі (адзначаюцца: парадкавы нумар, дата і месца, рэгест, тэкст дакумента і навуковы апарат да яго). Некаторыя важныя звесткі і рэаліі, ключавыя персанажы і асабовыя назвы больш поўна асвятляюцца ў каментарах, пададзеных у канцы выдання. Тэксты друкуюцца з арыгіналаў першадрукаў альбо ўзнаўляюцца на падставе даставерных копій з даданнем розначытанняў, што дае магчымасць іх спраўдзіць.

Дакументы з Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве змяшчаюць важныя звесткі пра родных і сваякоў Ф.Скарыны і пра яго самога: пра бацьку ў Пасольскай кнізе №1, пра жонку Маргарыту ў кнізе №224 Метрыкі ВКЛ, пра яго самога як лекара віленскага біскупа Яна ў кнізе №12 Метрыкі, а таксама пасмяротна пра самога Францішка і яго брата Івана, братавага сына Рамана ў спрэчцы за іх маёмасць між зяцямі Івана ў кнізе №16 той жа Метрыкі. У кнізе ёсць каштоўныя звесткі, датычныя магчымага ўдзелу Скарыны ў дэлегацыі дацкага караля Ганса на V Латэранскі сабор (кодэкс №1594; захоўваецца ў Казанатэнскай бібліятэцы ў Рыме).

Крыніцы, уключаныя ў зборнік, напісаныя на некалькіх мовах: кірыліцкай графікай на старабеларускай і старарускай падаюцца без перакладу, а на старачэшскай, старапольскай, лацінскай і старанямецкай – з перакладам на сучасную беларускую мову. Яны даюць магчымасць больш дакладна ўзнавіць працэс універсітэцкага навучання першадрукара, яго этапы, храналогію падзей. Так, дзякуючы нядаўнім публікацыям Метрыкі і Кнігі прамоцый бакалаўраў і магістраў Кракаўскага ўніверсітэта, удалося скарэктаваць час паступлення Скарыны ў гэты ўніверсітэт і перанесці яго на вясну 1505 г. Дзякуючы новым публікацыям Актаў акадэмічных ступеняў Падуанскага ўніверсітэта, узноўлена біяграфія ўсіх 32 асоб, якія мелі сувязь са Скарынам падчас навучання ў Кракаве: прафесараў, прамотараў і сведак. Атрымала новае пацвярджэнне паведамленне пра Скарыну як сакратара дацкага караля з пратакола аб наданні яму годнасці доктара медыцыны ў Падуанскай біскупскай курыі пасля новага адкрыцця запісу папскага цырымонімайстра Парыса Грасі пра дацкую дэлегацыю на V Латэранскі сабор у 1512 г.

Пазнаёміцца са зборнікам “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях” можна ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.