Сустрэча з Уладзімірам Іванавічам Ягоўдзікам у бібліятэцы

На слонімскай зямлі адбылося свята беларускага слова, кнігі, культуры. Гэта рэспубліканскі Дзень беларускага пісьменства – 1 верасня 2019 года. Менавіта яму была прысвечана цікавая сустрэча са знакамітым дзіцячым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Іванавічам Ягоўдзікам у філіале “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя А.С. Пушкіна” пад назвай “Скарбы нашай Радзімы”.

На сустрэчы прысутнічалі самыя актыўныя чытачы бібліятэкі. З дапамогай Уладзіміра Іванавіча вучні акунуліся ў чароўны свет прыгожых твораў пра беларускую прыроду і гісторыю. Сустрэча адбылася ў выглядзе дыялога. Вучні чыталі вершы, адгадвалі загадкі, размаўлялі на беларускай мове.

На сустрэчу завітаў слонімскі гісторык, краязнаўца, пісьменнік Сяргей Чыгрын, які прэзентаваў новую кнігу – альманах твораў пісьменнікаў-землякоў слонімскай зямлі “Паланез”. Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі  конкурса “На лепшага чытача беларускага твора”, які летам праходзіў у бібліятэцы. Пераможцы і ўсе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі не толькі каштоўныя падарункі, але і добры і пазітыўны настрой.