Мяне завуць Лахнэска

13 лістапада, у дзень, калі нарадзіўся Валянцін Гаюі, стваральнік першай школы для людзей з парушэннямі зроку і распрацоўшчык першага спецыяльнага шрыфта для чытання, адзначаецца Міжнародны дзень сляпых. Напярэдадні гэтай даты – 12 лістапада ў ГДБ г.Гродна № 6 сабраліся прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна», дзяржаўнай установы адукацыі «Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку» і журналісты. Увазе гараджан быў прадстаўлены вынік праекта па стварэнні тактыльна-брайлеўскай брашуры і аўдыяверсіі казкі знакамітай беларускай пісьменніцы Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска».

Унікальнасць праекта сацыяльна-культурнай установы «МоцАрт» (г.Мінск) заключаецца ў тым, што казку можна не толькі прачытаць, але і ўбачыць яе галоўнага героя, і пачуць, пра што ён гаворыць. А прачытаць яе можна …пальчыкамі. Таму што выданне прызначана для невідушчых і дзяцей з парушэннем зроку. Казка Алены Масла ў афармленні вядомай мастачкі Аксаны Аракчэевай надрукавана шрыфтам Брайля на беларускай мове. А галоўнае – малюнак у кнізе не толькі яркі, але і рэльефны, цёплы навобмацак. Стварылі яго супрацоўнікі бібліятэкі № 3 г. Гродна, сябры клуба «Гродзенская лялька» І. Сотнікава і І. Вараб’ёва. Да кнігі прыкладаецца аўдыядыск з запісам казкі ў выкананні Народнага артыста Беларусі Віктара Сяргеевіча Манаева. Усяго выдадзена 7 такіх кніг. Іх атрымалі ўсе спецыяльныя школы-інтэрнаты абласных цэнтраў краіны і спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку горада Гродна.

На прэзентацыі выдання госці мелі магчымасць не толькі ўбачыць незвычайную кнігу, але і пачуць відэазварот Алены Масла і Аксаны Аракчэевай да чытачоў, пагутарыць з гродзенскімі майстрыхамі.