Прэзентацыя кнігі “Мэсія з роду Эфраіма”

10 лютага ў Смаргонскай раённай бібліятэцы ў межах Года малой радзімы адбылася прэзентацыя кнігі “Мэсія з роду Эфраіма” рэпрэсіраванага пісьменніка Мойшэ Кульбака, які нарадзіўся ў Смаргоні. Раман-містэрыю з ідыш пераклаў на беларускую мову Сяргей Шупа.

Сустрэча з перакладчыкам прайшла ў чытальнай зале бібліятэкі. Сяргей Шупа расказаў аб тым, што кніга была напісана ў 1922 годзе. Малады 26-гадовы аўтар перажыў толькі што сусветную вайну, рэвалюцыйныя змены і ў Беларусі, і ў Літве, і ўцёк у Берлін, які ў той час быў сталіцай свету, сталіцай культуры. Пад уздзеяннем берлінскай атмасферы, людзей, ацалелых ад гэтай катастрофы, якая толькі што пракацілася па Еўропе, думкі і ідэі М.Кульбака выліліся ў такі твор.

У сустрэчы таксама прынялі ўдзел музыка і выдавец Весна Касэрэс, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева, перакладчык Ігар Крэбс, паэтка Таня Скарынкіна. Яны прачыталі свае творы, якімі падтрымалі атмасферу мерапрыемства.