Канікулы з бібліятэкай

Кашалеўскія дзеці з Навагрудскага раёна падчас летніх канікул мясцовую сельскую бібліятэку наведваюць з вялікім задавальненнем. Тут іх заўсёды чакаюць, тут ім вельмі рады. Бібліятэкар Алена Пятроўна Шынтар заўсёды ветліва сустракае рабят, пагутарыць, з веданнем справы дапаможа ў падборы літаратуры для пазакласнага чытання.

Гэтым летам яна арганізавала модную ў дзіцячым асяроддзі кніжную выставу “Улётныя хіты для летняга чытання”. Экспазіцыя літаратуры пастаянна папаўняецца новай літаратурай: яна аператыўная і карыстаецца поспехам у карыстальнікаў.

Кожны тыдзень тут для дзяцей ладзяцца цікавыя мерапрыемствы. Вось, напрыклад, гульнёвая праграма “Летнія канікулы – любімая пара” стала для іх часам актыўнага і карыснага адпачынку. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, рухомых гульнях. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі гумарыстычныя вершы, спявалі задорныя песні. Карацей, было па-сапраўднаму весела.

А яшчэ маленькім чытачам Кашалеўскай сельскай бібліятэкі падабаюцца мерапрыемствы, якія праходзяць у форме гучных чытанняў. Вядома, найбольш падыходзяць яны для дзіцячага садка, але бібліятэкар практыкуе чытанне ўслых і непасрэдна ў бібліятэцы. У чарговы раз чыталі казкі А.С.Пушкіна.