“Бібліятэчны Арбат” у Дзень горада Ліда

7 верасня 2019 года ў Лідзе адбылося маштабнае свята – Дзень горада і фестываль хмеля, соладу і вады “LIDBEER-2019”. Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы рэалізавала на сваёй пляцоўцы праект “Бібліятэчны Арбат”.

Для гасцей мерапрыемства была разгорнута маляўнічая выстава-экспазіцыя “У кожным сэрцы гэта імя – Ліда!”, на якой былі прадстаўлены кніжныя выданні пра гісторыю Лідчыны, яе эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці.

Работнікі бібліятэкі запрашалі наведаць бібліакафэ “Рэцэпты добрага настрою”. Зазірнуўшы сюды, можна было “паспрабаваць” навінкі літаратуры на любы густ. Юныя госці пляцоўкі з велізарным задавальненнем прымалі ўдзел у асфальтавым вернісажы “Ліда – мая, твая, наша!”, жадаючы прызнацца ў каханні роднаму гораду і намаляваць дарагія сэрцу мясціны.

Асаблівую цікавасць выклікала выстава-дэгустацыя “Вінаградныя гронкі Лідчыны – 2019”, арганізатарам якой сталі ўдзельнікі клуба вінаградараў пры раённай бібліятэцы. Музычны вернісаж “Ліда, з любоўю пра цябе спяваю”, які падрыхтавалі калектывы і салісты дзіцячых школ мастацтваў раёна, падарыў жыхарам і гасцям горада яркія эмоцыі ад творчасці. Сапраўдным упрыгожаннем “Бібліятэчнага Арбата” сталі мастацкія работы навучэнцаў ДУА “Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў”.

На працягу дня ў Лідскай раённай бібліятэцы праходзілі розныя акцыі і віктарыны: падчас акцыя “Табе, Ліда, нашы пажаданні!” кожны мог пакінуць свае пажаданні любімаму гораду на спецыяльным стэндзе; у межах акцыі “Знайдзі кнігу на паліцы” удзельнікам неабходна было праявіць сваю эрудыцыю і знаходлівасць. Яркае, жывое, зачаравальнае “Дрэва чытацкіх пераваг” дазволіла выявіць чытацкія інтарэсы гасцей пляцоўкі, а менавіта найбольш папулярныя жанры літаратуры.

“Бібліятэчны Арбат” не даў засумаваць нікому: ні дарослым, ні дзецям. Тут, ля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, людзі атрымлівалі масу станоўчых эмоцый, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі ад свята.