Бібліятэкі ў сістэме інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя горада

29 кастрычніка ў Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.Макаёнка адбыўся круглы стол “Інклюзіўнае ўзаемадзеянне ў бібліятэчным абслугоўванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя”, галоўнай тэмай якога было бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Пытанні, вынесеныя для абмеркавання ў межах круглага стала тычыліся не толькі бібліятэчных праектаў, але і пытанняў адукацыйнага асяроддзя як фактару адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, супрацоўніцтва бібліятэк з партнёрамі – установамі спецыяльнай адукацыі, дабрачыннымі арганізацыямі і інш. Супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна падзяліліся вопытам стварэння сацыяльных праектаў, арыентаваных на невідушчых людзей і людзей з аслабленым зрокам, расказалі пра працу з дзецьмі з парушэннем слыху і з цяжкасцямі ў навучанні. Завуч СШ № 16 г. Гродна В.А.Саўчык раскрыла сутнасць інклюзіўнай адукацыі на прыкладзе сваёй установы. Як праходзіць інтэграцыя дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў паўсядзённае жыццё расказалала кіраўнік і сузаснавальніца Дзённага цэнтра для такіх дзяцей Гродзенскай арганізацыі Чырвонага Крыжа І.Г.Ларыёнава. Сумесная дабрачынная дзейнасць гарадскіх бібліятэк і СБУ “Цэнтр ПАРА” была раскрыта ў выступе намесніка дырэктара ўстановы А.М.Шыкуць. Пра тое, што смехам таксама можна лячыць расказалі трэнеры грамадскага аб’яднання “Бальнічныя клоўны Fanny nose” Святлана і Дзмітрый Венісяцкія. Вопытам па вырабе тактыльных кніг і дапаможнікаў для невідушчых дзяцей у праекце “Убачыць сэрцам” падзяліўся педагог дадатковай адукацыі СШ № 35 г. Гродна імя М.А. Волкава Д.А.Трафімаў.

Была арганізавана кніжная выстава “Я – іншы: звычайныя кнігі пра незвычайных дзяцей” з фондаў бібліятэк. Бібліяграфічны агляд “літаратуры разумення” падрыхтавала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ГЦБ імя А.Макаёнка Н.Ю.Наземцава. Завяршыўся круглы стол паказам лялечнага спектакля па кнізе Ю.Вісландэр “Мама Му паранілася” у выкананні супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання дзяцей ГЦБ імя А.Макаёнка.

У працы круглага стала бралі ўдзел загадчыкі філіялаў, бібліятэкары і партнёры Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна, супрацоўнікі бібліятэк сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі горада, педагогі.