Рэгiстрацыя:

«З глыбінь вякоў нам засталася кніга…»

  Выстава “З глыбінь вякоў нам засталася кніга...” прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У экспазіцыі прадстаўлены рарытэтныя кнігі і перыядычныя выданні XVIII - першай паловы XX стагоддзяў з фондаў абласной бібліятэкі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і прыватнай калекцыі гарадзенскага краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Сявенкі.
  Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь прадаставіла на выставу 29 рэдкіх выданняў ХІХ – пач. ХХ стст., у тым ліку выданні, прысвечаныя Гродзеншчыне, кнігі з пячаткамі гродзенскіх бібліятэк, творы знакамітых гродзенцаў – Э. Ажэшка і Я. Ф. Карскага, падборку выданняў з аўтографамі аўтараў, кнігі з вядомых бібліятэк: Рускай тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы, Бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, бібліятэкі герцага Міхаіла Георгіевіча Мекленбургскага, а таксама выданні з незвычайным аздабленнем.
  Бачнае месца ў экспазіцыі займаюць старадрукі, выдадзеныя ў XVIII стагоддзі. Сярод іх - як выданні рэлігійнага зместу, так і свецкая літаратура, у тым ліку кнігі для юнацтва. На выставе можна ўбачыць два тамы працы “Тэорыя алгебраічнага ліку для ўжывання ў геаметрыі крывых ліній” (1783) вядомага дзеяча навукі і адукацыі Беларусі, Літвы і Польшчы канца XVIII - першай трэці ХIХ стст. Яна Снядзецкага, пасля - прафесара і рэктара Імператарскага Віленскага універсітэта, а таксама работы па гісторыі і псіхалогіі, аратарскім майстэрстве, філасофіі, навуках аб прыродзе.
  Самая старая кніга, прадстаўленая ў экспазіцыі, датуецца 1706 годам. Асобныя выданні былі надрукаваны ў 1740-я і 1750-я гады, але большасць старадрукаў было выдадзена ў 1780-1790-х гадах ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Калішы, Сандаміры, Кульме ў Прусіі, у іншых польскіх і нямецкіх гарадах.
  Кнігі ХIХ стагоддзя адрозніваюцца па-майстэрску вырабленымі і багата аздобленымі карэньчыкамі і вокладкамі, многія з якіх упрыгожаны залатым цісненнем, ініцыяламі ўладальнікаў і суперэкслібрысамі.
  На тытульных і іншых старонках, фарзацах можна ўбачыць ўладальніцкія і дароўныя надпісы, экслібрысы і пячаткі, паметкі чытачоў і бібліятэкараў Гродзеншчыны мінулых стагоддзяў. Прадстаўлены кнігі вядомых гарадзенскіх бібліятэк і прыватных збораў, у тым ліку выданні, якія належылі знакамітым дваранскім родам Касакоўскіх, Хадкевічаў, Дзеконскіх, Дуніных-Баркоўскіх, Рудзеўскіх-Калупайла, Керсноўскіх і іншых. Адна з кніг у 1860-я гады належыла Антонію Выджыцкаму са Старых Васілішак - продку знакамітага спевака Чэслава Немена. Уладальнік пакінуў запісы на фарзацы і тытуле выдання.
  Шэраг кніг і перыядычных выданняў былі выдадзены ў Гародні ці апавядаюць пра Прынямонне. Сярод іх - адна з работ вядомага гарадзенскага гісторыка Юзэфа Іадкоўскага, а таксама падшыўка часопісаў «Русалка друскеніцкіх крыніц» за 1844. Экспануюцца кнігі, напісаныя вядомымі паэтамі і пісьменнікамі - выхадцамі і жыхарамі Гарадзеншчыны: Адамам Міцкевічам, Элізай Ажэшка, Уладзіславам Сыракомляй, Юзэфам Крашэўскім.
  Каштоўнасць уяўляюць навуковыя выданні Віленскага універсітэту 1820-х гг., кніга для юнацтва, выдадзеная ў друкарні Маскоўскага універсітэту ў канцы XVIII стагоддзя, «Веснік Варшаўскага універсітэту» пачатку ХХ стагоддзя, калі рэктарам ВНУ быў ураджэнец Гродзенскага павета Яўхім Карскі.
  Цікавымі з'яўляюцца тры старадаўнія металічныя аклады Евангелляў, старыя кніжныя зашпількі, элементы кніжных упрыгожванняў ХVII – XIX стагоддзяў.
  Усяго на выставе прадстаўлена больш за 500 экспанатаў, якія ў значнай ступені раскрываюць мастацтва кнігадрукавання XVIII - першай паловы ХХ-га стагоддзяў і якія адлюстроўваюць багацце кніжных збораў гродзенцаў былых часоў.

Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Виртуальный читальный зал
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
Сводный электронный каталог библиотек Гродненской области
Гродненский областной исполнительный комитет