Рэгiстрацыя:

Выпіска з правілаў карыстання

ДУК “Гродзенкая абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”

    
(Правілы зацверджаны загадам
дырэктара ад 31.12.2013г. №139-ВД.
Правілы ўзгоднены з начальнікам
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай
работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама)


АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

    Правілы карыстання дзяржаўнай установай культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” (далей – Бібліятэка) распрацаваны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1995 года “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 2002 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 20, ст. 38; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 128, 2/896), “Тыпавымі правіламі карыстання бібліятэкамі ў Рэспубліцы Беларусь”.
   Парадак карыстання Бібліятэкай, яе філіяламі, пералік асноўных паслуг і ўмоў іх прадастаўлення вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Статутам бібліятэкі і правіламі карыстання Бібліятэкай.
   Права на карыстанне Бібліятэкай мае любая фізічная асоба незалежна ад полу, узросту, нацыянальнасці, адукацыі, сацыяльнага палажэння, палітычных і рэлігійных перакананняў і прафесійнай прыналежнасці, а таксама любая юрыдычная асоба незалежна ад форм уласнасці і ведамаснай падпарадкаванасці.
   Непаўналетнія асобы маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведкава-бібліяграфічнае абслугоўванне ў дзіцячым і юнацкім філіялах Бібліятэкі.
   Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды І і ІІ груп, шматдзетныя маці маюць права абслугоўвацца без чаргі.

ПАРАДАК РЭГІСТРАЦЫІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

  Асноўным дакументам, які дае права карыстацца даведкава-бібліяграфічным апаратам і фондам Бібліятэкі, з’яўляецца білет чытача.

 Для рэгістрацыі ў якасці карыстальніка Бібліятэкай грамадзянін павінен прад’явіць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу (від на жыхарства, даведка аб часовай рэгістрацыі), фотаздымак; паведаміць неабходныя звесткі для афармлення рэгістрацыйных формаў, азнаёміцца з правіламі карыстання Бібліятэкай і пацвердзіць згоду на іх выкананне асабістым подпісам.

    Рэгістрацыя непаўналетніх ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў у якасці карыстальнікаў Бібліятэкі выконваецца ў прысутнасці бацькоў, законных прадстаўнікоў па прадастаўленні апошнімі пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу.
   Рэгістрацыя непаўналетніх ва ўзросце ад чатырнаццаці да васемнаццаці гадоў у якасці карыстальнікаў Бібліятэкі выконваецца з пісьмовай згоды законных прадстаўнікоў.
   Білет чытача выдаецца ў час заключэння дагавора на бібліятэчнае і інфармацыйнае абслугоўванне чытача на працягу аднаго каляндарнага года паміж дырэктарам Бібліятэкі і карыстальнікам. У выпадку страты білета чытача новы выдаецца на агульнай аснове.

   Заўвага: перарэгістрацыя чытачоў у Бібліятэцы праводзіцца штогод (з 2 студзеня) для статыстычнай справаздачы перад заснавальнікамі Бібліятэкі і органамі дзяржаўнай статыстыкі; чытачы, якія прайшлі перарэгістрацыю абслугоўваюцца толькі пры адсутнасці запазычанасці.

ПРАВЫ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ БІБЛІЯТЭКІ

Карыстальнікі Бібліятэкі маюць права:

   Атрымаць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі.
Атрымаць у часовае карыстанне (дадому) дакументы з фондаў Бібліятэкі можна ў абанементных аддзелах: не больш за пяць кніг і іншых матэрыялаў на тэрмін да 15 дзён для дарослага чытача і да 10 дзён для дзіцячага чытача. Тэрмін карыстання дакументамі, на якія няма попыту з боку іншых карыстальнікаў, можа быць падоўжаны ў час наведвання Бібліятэкі 2 разы адпаведна на 15 і 10 дзён. Карыстанне звыш названага тэрміну дазваляецца за вызначаную плату згодна з “Палажэннем аб платных паслугах ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.

   Заўвага: асобы, якія пражываюць у Гродне без рэгістрацыі ці з часовай рэгістрацыяй, маюць права карыстацца толькі паслугамі чытальных залаў Бібліятэкі.

  Атрымаць дакументы альбо іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм электроннай дастаўкі дакументаў, па ўмовах бібліятэк-фондатрымальнікаў.

   Заўвага: дакументамі, якія паступілі ў Бібліятэку па МБА, дазваляецца карыстацца толькі ў чытальных залах.

  Прымаць удзел у сацыякультурных мерапрыемствах, якія праводзяцца Бібліятэкай для карыстальнікаў.
   Карыстацца іншымі відамі паслуг, у тым ліку платнымі, пералік якіх вызначаны Бібліятэкай і зацверджаны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

АБАВЯЗКІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ БІБЛІЯТЭКІ

  Беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў. Пры атрыманні дакументаў з якімі-небудзь дэфектамі карыстальнікі павінны паведаміць пра гэта бібліятэкару. Адказнасць за дэфект нясе апошні карыстальнік дакументам;
  Падтрымліваць грамадскі парадак і чысціню ў памяшканнях Бібліятэкі, паважаць правы іншых карыстальнікаў.

Карыстальнікам Бібліятэкі забараняецца:

   Перадаваць білет чытача іншым асобам і карыстацца білетамі іншых асоб;
   Выносіць дакументы за межы бібліятэкі без запісу ў формах уліку, прынятых Бібліятэкай;
   Прыносіць і выкарыстоўваць розныя капіравальныя прылады (сканеры, аўдыё-, фота- і відэаапаратуру);
   Выкарыстоўваць мабільны тэлефон у залах абслугоўвання чытачоў, у тым ліку з мэтай відэаздымкі і фатаграфавання дакументаў з фондаў Бібліятэкі.

АДКАЗНАСЦЬ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
ЗА ПАРУШЭННЕ ПРАВІЛАЎ КАРЫСТАННЯ БІБЛІЯТЭКАЙ

   У выпадку страты, псавання дакументаў з фондаў Бібліятэкі карыстальнік замяняе іх ідэнтычнымі, раўнацэннымі, у тым ліку ў выглядзе копій. Пры адсутнасці магчымасці замены дакументаў адміністрацыя Бібліятэкі можа патрабаваць аплаціць кошт страчанага ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
   Карыстальнікі, якія пашкодзілі маёмасць Бібліятэкі (камп’ютэры, аргтэхніку, мэблю, электраабсталяванне і інш.), у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аплачваюць нанесены ўрон.
  Карыстальнікам Бібліятэкі, якія парушылі тэрмін вяртання дакументаў з фондаў бібліятэкі, наступная выдача дакументаў спыняецца да поўнага разліку па запазычанасці. Такія чытачы могуць быць пазбаўлены права карыстацца Бібліятэкай на тэрмін, вызначаны Бібліятэкай.

АРГАНІЗАЦЫЯ АБСЛУГОЎВАННЯ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

  Абслугоўванне карыстальнікаў у кожным структурным падраздзяленні ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Бібліятэкай і Палажэннем аб аддзеле (філіяле).
   Карыстальнікам, якія парушылі тэрмін звароту бібліятэчных дакументаў, выдача выданняў ва ўсіх структурных падраздзяленнях Бібліятэкі спыняецца да поўнага ўзаемаразліку па запазычанасці.

ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

Бібліятэка мае права:
- уносіць дапаўненні і змяненні ў Правілы карыстання;
- вызначаць умовы карыстання бібліятэчным фондам і іншымі рэсурсамі, а таксама рэжым доступу да іх;
- вызначаць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам РБ віды і памеры кампенсацыі за шкоду, нанесеную карыстальнікам, памеры кампенсацыі пры выдачы дубліката білета чытача;
- вызначаць тэрмін, на які пазбаўляюцца права карыстацца Бібліятэкай тыя, хто парушыў Правілы ці нанёс шкоду Бібліятэцы.

Бібліятэка абавязана:
- захоўваць канфіндэнцыяльнасць звестак пра карыстальнікаў;
- даваць поўную інфармацыю карыстальнікам аб наяўнасці дакументаў у Бібліятэцы, забяспечваць ім магчымасць карыстацца каталогамі, картатэкамі, аўтаматызаванымі базамі дадзеных, бібліяграфічнымі і інфармацыйнымі дакументамі, аказваць дапамогу ў падборы неабходных дакументаў, знаёміць з Правіламі карыстання Бібліятэкай.

Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Виртуальный читальный зал
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Гродненский областной исполнительный комитет