Рэгiстрацыя:

«Сімфонія кахання: вясельная фатаграфія
канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя»

   Пад такой назвай у аддзеле мастацтва распачала работу чарговая выстава з цыкла “Дакрануццца да гісторыі”. У Гродна ўпершыню прадстаўлена гістарычная вясельная фатаграфія ў асобнай экспазіцыі. Яна ахоплівае перыяд з канца ХІХ па 1960-я гады ХХ стагоддзя. Выстава дае вельмі багаты фактычны матэрыял для вывучэння гісторыі фотамастацтва ў Гродне, развіцця вясельнай моды, а таксама дазваляе выявіць некаторыя этнаграфічныя моманты беларускага вяселля.
    Першыя вясельныя фатаграфіі ўяўлялі сабой выключна студыйныя працы і датаваліся XIX стагоддзем. Тэхнічныя прылады ў той час былі габарытнымі і цяжкімі , што не дазваляла фатографу прысутнічаць на вясельнай урачыстасці. З-за тэхнічнай недасканаласці фотаздымкі часцей за ўсё вырабляліся ў адным экзэмпляры. Для такіх фатаграфій даводзілася пэўны час заставацца ў нерухомым стане. Таму мадэлі на старадаўніх фотаздымках статычныя і напружаныя, у чым можна пераканацца, гледзячы на прадстаўленыя на выставе здымкі таго перыяду.
   Пачынаючы з 1860 г. у Гродне існаваў цэлы шэраг фотамайстэрань. У большасці з іх працавалі сапраўдныя майстры сваёй справы. У гісторыі гродзенскага фотамастацтва вядомы імёны Ліпы Блоха, Якава Салавейчыка, Лейбы Гельгара, Зельмана Карасіка, Марка Рубінштэйна, Мордуха Папірнага.
   У экспазіцыі аддзела мастацтва маюцца вясельныя фотаздымкі Л. Гельгора, М. Рубінштэйна, З. Карасіка, Д. Анерыка. Кожны з майстроў вызначаецца сваім асаблівым кампазіцыйным стылем. Іх фотаздымкі можна пазнаць таксама па характэрных інтэр’ерах фотастудый.
   У Гродне ў 20-30-я гады вельмі папулярнай была фотастудыя Venus. Яе майстры добра асвоілі групавыя вясельныя фотаздымкі. Кампазіцыйнай знаходкай у Venus з’яўляецца пасадка ў тры чвэрці нявесты на ўзвышэнні каля жаніха і ў акружэнні іншых удзельнікаў вяселля.
   Існавалі фотастудыі таксама ў іншых павятовых гарадах на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны. Асабліва многа іх было ў Ваўкавыску. Арыгінальныя фотаздымкі прадстаўлены з фотастудый Дзятлава, Ражанкі, Новага Двара.
   Вельмі цікава разглядаць старадаўнія фотаздымкі з гістарычнага пункту гледжання. Напрыклад, у аспекце гісторыі вясельнай моды.
   Сучасныя беларускія нявесты апранаюцца падобна — у асноўным у белую пышную доўгую сукенку. Як бы ні выглядала дзяўчына, ніколі нельга сказаць дакладна: “Гэта нявеста з Гродна або Пінска”.
   Зусім іншая справа была ў мінулым, калі маладая ішла да шлюбу ў беларускім нацыянальным строі: у кожным рэгіёне вясельнае адзенне мела свае асаблівасці, па якіх адразу лёгка было адрозніць прадстаўніцу аднаго раёна ад другога. Пабачыць традыцыйныя вясельныя строі, якія насілі на Беларусі нашы прабабулі магчыма ў кнігах з фонду бібліятэкі, прадстаўленых ў экспазіцыі і на кніжнай выставе.
   Цяпер перавага аддаеца еўрапейскай вясельнай модзе, адкуль і прыйшла да нас белая шлюбная сукенка. Сілуэты вясельных сукенак дакладна паўтаралі модныя сілуэты звычайных сукенак. Так, у эпоху крыналінаў вясельныя сукенкі былі з крыналінам (60 -70е гг . XIX стагоддзя), у 90-я гг. таго ж стагоддзя пайшла мода на турнюры - вясельныя сукенкі маментальна падпарадкаваліся гэтаму павеву, а калі наступілі гады ар-дэко (20-я ў ХХ стагоддзі) - набылі строгія геаметрычныя формы. Прыклады такіх сукенак можна падрабязна разглядзець на прапануемай выставе.
   У ХХ стагоддзі вясельная сукенка зведала кардынальныя перамены. У 1924 г. у жаночай модзе рэзка скарацілася даўжыня спадніцы. Ідэал прыгажосці ў 20-я гады – гэта вуглаватая дзяўчына ў простай сукенцы з прыспушчанай таліяй і ў шляпцы-кацялку. На кароткія валасы накінута фата, а паверх фаты надзеты флер-д’аранж (вянок). Дадатковымі аксесуарамі былі пальчаткі і сумачка. Фотаздымкі 1920-30-х гадоў асабліва шырока прадстаўлены на выставе.
    Яшчэ адзін цікавы аспект вясельнай фатаграфіі – абрадавы. Аб тым, што ж нам засталося ад традыцыйнага беларускага вяселля і як гэта адлюстравалася ў фотаздымках мы таксама даведаемся з фотавыставы. Цікавасць прадстаўляюць шматлікія фотаздымкі вяселля са сватамі, дзе добра відаць атрыбуты свата: перавязаны ручнік, упрыгожаны кій. Многа фотаздымкаў шафераў і шаферак, касцельнага шлюбу, вясельнага поезда, вясельнага застолля, каравайнага абраду і інш.
   На выставе можна пазнаёміцца таксама з Перадбрачным дакументам 1929 г. і Дабравольнай умовай 1930 г., дзе агаворваюцца і пасаг нявесты, і тое, як старэйшы брат рабіў выправу на вяселле малодшаму.
   Цікавыя эмігранцкія фотаздымкі, пашпарты гродзенцаў – царскія, польскія, савецкія, у якіх абавязкова ўказваецца грамадзянскі статус чалавека, пасведчанні аб шлюбе, вясельныя пярсцёнкі, вырабленыя з медных манет, фотатэхніка і фотаабсталяванне 1950-х гадоў і многае іншае: больш 300 экспанатаў.
   Фотаздымкі і прадметы на выставу прадстаўлены з калекцыі Аляксандра Сявенкі, з дамашніх альбомаў супрацоўнікаў бібліятэкі і чытачоў аддзела мастацтва.
    

 
Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Виртуальный читальный зал
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Гродненский областной исполнительный комитет