Рэгiстрацыя:

  Прапануем прачытаць  

  Бука, Н. І. Бася і Піглас : казка / Надзя Бука ; малюнкі аўтара. - Мінск : Звязда, [2016]. - 28, [1] с. 

 Аўтар гэтай цікавай, яркай кнігі – маладая беларуская мастачка і журналіст Надзя Бука. Галоўнага героя казкі Пігласа можна ўбачыць на шматлікіх карцінах мастачкі. Аднойчы Надзя Бука вырашыла напісаць гісторыю пра яго нараджэнне. Так з’явілася дзяўчынка Бася і яе цікавы, поўны прыгод сусвет.
  Аднойчы да Басі завітвае незвычайны госць – Піглас. Піглас - незвычайная істота. Ён мае выгляд вока з крыламі анёла,ён бачыць усё і ўсіх, але, як той анёл, не ўсімі заўважны. Пігласа акаляе арэол чараўніцтва. Замест слоў у яго – бурбалкі, замест звычайнай ежы – драўляныя зашчэпкі.
  Акрамя дзяўчынкі, Пігласа ніхто не бачыць, таму што ён - уяўны сябар Басі. А якая можа быць карысць з уяўных сяброў у рэальным жыцці? Хутчэй больш клопату, чым станоўчага. Ну падумайце: з імі трэба размаўляць, бавіць разам час, гуляць у прыдуманыя гульні. Але ж уяўны таварыш Басі прыносіць карысць не толькі дзяўчынцы. Ён здольны натхняць, дапамагаць знаходзіць дарогу, а таксама ненавязліва вучыць ветлівасці і добрым паводзінам. Галоўнае – герой вучыць дзяцей, як гэта – быць сапраўдным чалавекам. Ён не чытае дзецям мараль, што яны так не любяць, а дапамагае самім дайсці да разумення катэгорыі дабра. Зрабіла Бася нядобры ўчынак – і птушка-анёл знікла. Дзяўчынка разам з чытачамі аналізуе свае паводзіны. Заўважце, Піглас усяго толькі знікае, бо яму не ўласцівыя жорсткія, агрэсіўныя паводзіны, якія сёння характарызуюць многіх дзіцячых герояў, – ён нікога не крыўдзіць, не прычыняе духоўнага ці фізічнага болю.
  У канцы гісторыі ў Пігласа нараджаюцца дзеткі, таму цалкам магчыма, што новыя ўяўныя сябры-натхняльнікі пасля прачытання казкі завітаюць і ў дамы нашых маленькіх чытачоў
  Гэтая кніга распавядае пра добрыя ўчынкі і сямейныя каштоўнасці, пра натхненне і бязмежныя дзіцячыя фантазіі. Адметна, што Надзя Бука — таксама аўтарка цудоўных, яскравых ілюстрацый.
  Рэкамендавана для дзяцей дашкольнага ўзросту.
  Кнігу можна атрымаць у дзіцячым філіяле (вул. Савецкая, 25).

Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Виртуальный читальный зал
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Гродненский областной исполнительный комитет