“Вандруем па Беларусі з Алесяй і Алесем”

22 верасня ў дзіцячы філіял з раніцы завіталі “вандроўнікі” з дзіцячай экастудыі “Ветка”, каб адправіцца ў падарожжа па роднай Беларусі.

Маленькія госці зацікавіліся кніжкіным домам, уразіліся багаццем і разнастайнасцю выданняў дзіцячай літаратуры.

Медыяпадарожжа здзівіла дзяцей незвычайнымі фактамі пра раслінны і жывёльны свет Беларусі, карысныя выкапні, рэкі і азёры, вядомыя мясціны, а праца з інтэрактыўнай картай замацавала атрыманыя веды. “Гідамі” былі  Алесь і Алеся – хлопчык і дзяўчынка з вядомымі беларускімі імёнамі. Маленькія “вандроўнікі” ўспомінілі пра прыгожыя мясціны свайго роднага горада – непаўторнага Гродна: Стары і Новы замкі, Каложскую царкву, Пажарную каланчу, раку Нёман. Асаблівае захапленне выклікала відэа “Гродна з вышыні птушынага палёту”.

Карта-пазл “Мая Беларусь” стала групавой справай для дашкалят: збіраючы “тэрыторыю” краіны,  удзельнікі гульні даведаліся пра гарады і славутасці нашай Радзімы.

Знаёмства з дзіцячай бібліятэкай і медыяпадарожжа па Беларусі, цікавыя кнігі і выставы, прывабныя фотазоны і пазнальныя гульні  – усё гэта садзейнічала стварэнню незабыўнай атмасферы сённяшняй сустрэчы. Чакаем зноў па адрасе вуліца Савецкая, 25!