“На мове сэрца” Людмілы Кебіч
21 ліпеня 2021 года ў абласной бібліятэцы імя Я. Карскага свой юбілей адсвяткавала Людміла Кебіч, выдатная беларуская паэтэса і празаік, перакладчыца, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва” у намінацыі “Пісьменнік года”, уладальніца медаля Францыска Скарыны, аўтар 18 кніг і звыш 100 песен.
На працягу імпрэзы госці знаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Людмілы Антонаўны, “гартаючы” яе альбом успамінаў.
Імянінніцу павіншавала шэраг гасцей, сярод якіх Алена Віктараўна Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, Мікалай Трафімавіч Бандарчук, мастак, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза мастакоў Беларусі, Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, літаратуразнаўца, краязнаўца, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, былыя калегі з каледжа мастацтваў, сябры, прыхільнікі творчасці пісьменніцы.
Прыгожыя паэтычныя словы гучалі ў адрас юбіляра ад прадстаўнікоў яе “творчай сям’і” – членаў рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў, а таксама ад калег па пяру са сталіцы і іншых гарадоў нашай краіны.
Шчырыя і цёплыя словы віншаванняў выказалі самыя блізкія і родныя людзі Людмілы Кебіч – дачка Вольга і ўнукі.
Сапраўдным падарункам і для аўтара, і для ўдзельнікаў святочнай вечарыны стаў выхад новай – 19-ай па ліку кнігі – “Рассказ о Владимире Чигиринове” з серыі “Звёзды гродненского спорта”.
Напрыканцы мерапрыемства Людміла Антонаўна звярнулася да ўсіх прысутных: падзякавала за добрыя словы, кветкі і падарункі, а таксама прачытала некалькі сваіх вершаў.