Брэсцкая крэпасць – сімвал стойкасці і мужнасці савецкага народа

Адным з самых велічных мемарыялаў, прысвечаных героям Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца Брэсцкая крэпасць. Яна першая прыняла на сябе ўдар фашысцкай арміі, доўга змагалася і стала сімвалам стойкасці і мужнасці савецкага народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць.

У 2021 годзе адзначаецца некалькі памятных падзей, звязаных з названым збудаваннем, таму супрацоўнікі абанементнага аддзела падрыхтавалі тэматычную выставу “Брэсцкая крэпасць. Злучае нас часінаў ніць…”, на якой дэманструецца літаратура з дадатковым інфармацыйным і выяўленчым матэрыялам, што асвятляе Брэсцкую крэпасць з розных бакоў.

На першых дзвюх паліцах знаходзяцца кнігі, якія распавядаюць гісторыю Брэсцкай крэпасці як унікальнага помніка рускага фартыфікацыйнага мастацтва з пачатку яе будаўніцтва да сучаснай мадэрнізацыі (“Брэсцкая крэпасць = The Brest Fortress: Злучае нас часінаў ніць…”; “Брестская крепость. Война и мир”; “Брестская крепость” У. В. Бешанаў і інш.).

Далей можна знайсці выданні з інфармацыяй аб гераічнай і трагічнай абароне Брэсцкай крэпасці, лёсах і подзвігах яе абаронцаў, а таксама выявы архіўных франтавых дакументаў яе заступнікаў і падрабязную схему баявых дзеянняў пры яе адстойванні (“Брест непокорённый” А. А. Грабенкіна; “Граница” У. А. Тылец, “Буг в огне” і інш.).

Выстава ўтрымлівае ілюстраваную літаратуру, прысвечаную памяці герояў Брэсцкай крэпасці – людзей больш за 30 нацыянальнасцяў, якія аддалі сваё жыццё ў імя Радзімы, гераічнай барацьбе брэсцкіх падпольшчыкаў, нізавых падпольных груп, ячэек і цэнтраў, а таксама гісторыі стварэння музея абароны крэпасці-героя (“Граница 41. Белорусский пограничный округ” У. А. Тылец; “Брестская крепость”, “Герои Брестской крепости” С. С. Смірноў, “Память. Белорусский пограничный округ” і інш.).

На экспазіцыі таксама змешчана інфармацыя і кнігі са звесткамі аб стварэнні мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”, які стаў месцам памяці і смутку трагічных падзей лета 1941 г. (“Брэсцкая крэпасць-герой. Мемарыяльны комплекс”, “С памятью в сердце” і інш.).

З літаратурай тэматычнай выставы “Брэсцкая крэпасць. Злучае нас часінаў ніць…” можна азнаёміцца па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.