Маленькім беларусам пра вялікую Беларусь

Колькі прыгожага і цудоўнага ёсць у Беларусі: ад шырокіх блакітных азёр да буйнай вытворчасці і роднай культуры. Як жа ахапіць усё гэтае багацце і зацікавіць ім дзяцей? Што кожны хлопчык ці дзяўчынка павінны ведаць пра краіну, у якой нарадзіліся? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць знайсці супрацоўнікі ўніверсальнай чытальнай залы разам з новай рубрыкай “Маленькім беларусам пра вялікую Беларусь”.

Яна раскажа пра дзіцячыя кнігі, якія здзівяць нечаканымі фактамі, пазнаёмяць з невядомымі жывёламі і раслінамі, заахвоцяць падарожнічаць па нашай краіне і на свае вочы ўбачыць усе яе цікавосткі.

Ваніна, В. У. Наша Беларусь : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Вольга Ваніна ; [мастак: І. В. Пекусава-Буркоўская]. – Мінск : Пачатковая школа, 2019. – 30, [1] с.

У якой прыгожай і дзіўнай краіне мы жывём! Колькі ў ёй цікавага, таго, што заслугоўвае ўвагі і блізкага знаёмства! Вачыма звычайнага беларускага хлопчыка чытачы ўбачаць прыроду Беларусі, яе гарады і славутыя мясціны, пазнаёмяцца з гербамі сталіцы і абласных цэнтраў, а яшчэ паразважаюць над важнасцю захавання беларускіх народных традыцый.

Прызначана для чытання дзецям 5–7 гадоў, змяшчае маляўнічыя ілюстрацыі, развіццёвыя заданні.

Дзіцячы атлас Беларусі / [тэкст, укладанне П. Грынчанкі]. – 3-е выд., стэрэатыпнае. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2020. – 39 с.

Дзіця ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў задае каля 300 пытанняў на дзень. Хто жыве ў гэтай норцы? Якая самая вялікая кветка расце ў Беларусі? Дзе ў нашай краіне можна знайсці скарбы?

На гэтыя і шмат іншых пытанняў можна знайсці адказ ва ўнікальным «Дзіцячым атласе Беларусі». Неверагодныя факты і яркія ілюстрацыі, размешчаныя на старонках кнігі, зацікавяць не толькі малых чытачаў, але і дарослых.

Пазнаёміцца з гэтымі яркімі і якаснымі выданнямі запрашаем па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх.