Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка-юбіляра Уладзіміра Караткевіча (26 лістапада 2020 г.) у абанементным аддзеле арганізаваны літаратурны прагляд “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…”, на якім сабраны кнігі з інфармацыяй аб жыцці і творчай спадчыне класіка беларускай літаратуры. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст.

Асаблівая заслуга У.Караткевіча перад беларускай літаратурай у распрацоўцы гістарычнай тэматыкі, што скразной стужкай праходзіць праз многія яго апавяданні, аповесці і раманы, прадстаўленыя на праглядзе (“Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”, “Леаніды не вернуцца да зямлі” (“Нельга забыць”), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Сівая легенда”, “Зямля пад белымі крыламі” і інш.). Апрача гэтага, літаратурны здабытак пісьменніка ўключае зборнікі паэзіі, казкі, п’есы, эсэ, нарысы і г.д.

Асаблівае месца на выставе адведзена 25-цітомнаму выданню – збору твораў У.Караткевіча (2012-2020 гг.), якое ў бібліятэцы з’яўляецца найбольш поўным навукова-каментаваным выданнем творчай спадчыны пісьменніка. У новы збор твораў уключаны творы, што засталіся неапублікаванымі ці друкаваліся ў асобных і перыядычных выданнях, эпісталярыя, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, лібрэта, малюнкі, дзённікі, дарчыя надпісы і інш.

Зорка прагляда – кніга выдавецтва “Беларускі фонд культуры” –У.С.Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха = Дикая охота короля Стаха = Дикое полювання короля Стаха = King Stakh’s wild Hunt” (2010), якая атрымала дыплом пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Дадзеная гістарычная аповесць з элементамі містыкі У.Караткевіча лічыцца класікай беларускай літаратуры. У аснове яе падзей ляжыць сямейная легенда, праклён, які павінен знішчыць род. Важны ўплыў на развіццё сюжэту ў рамане займаюць нацыянальныя і сацыяльныя матывы. Сам твор у кнізе пададзены на 4 мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай.

Апрача зборнікаў і асобна выдадзеных твораў Караткевіча, на выставе змешчаны працы даследчыкаў творчасці рыцара беларускай зямлі: А.Л.Верабей “Абуджаная памяць: нарыс жыцця i творчасцi Уладзiмiра”, У.А.Арлоў “Уладзімір Караткевіч: прарок беларушчыны”, “Уладзiмiр Караткевiч. Быў. Ёсць. Буду: успамiны, iнтэрв’ю, эсэ”, “Уладзiмiр Караткевiч: вядомы і невядомы”, А.М.Ненадавец “Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца”, А.У.Русецкi “Уладзiмiр Караткевiч: праз гiсторыю ў сучаснасць” і інш.

Усіх жадаючых азнаёміцца з творчасцю У.Караткевіча і паглыбіць свае веды аб гэтай непаўтарнай асобе запрашаем на выставу-прагляд “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…” у абанементны аддзел па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.

Чытачы, якія наведалі абанементны аддзел 26 лістапада падчас праходжання абласной акцыі “Чытаем разам творы У.Караткевіча” вырашылі далучыцца да мерапрыемства і зачытаць урыўкі з твораў і вершы юбіляра.