Знаёмства з удзельнікамі конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі»

Як усе ведаюць, гісторыя ніколі не стаіць на месце, таму і мы працягваем расказваць чытачам пра раённыя фоталетапісы Гродзеншчыны. На гэты раз пазнаёмімся з адным з пераможцаў у намінацыі “Героі ваенных часоў” – ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага”.

Першая і Другая сусветныя войны прынеслі шмат выпрабаванняў і цяжкасцей на Бераставіччыну, зрабіўшы яе месцам дзейнасці мноства партызанскіх фарміраванняў. Таму бераставіцкі летапіс – гэта сапраўдная галерэя герояў таго часу, якая нават аформлена ў асобныя рамкі.

Работа складаецца з дзвюх частак: героі Вялікай Айчыннай вайны з Бераставіцкага краю і героі партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі раёна.

Асновай фоталетапіса сталі каштоўныя здымкі з фондаў раённага краязнаўчага Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, якіх прадстаўлена 40 лічбавых копій на 22 лістах. Кожнае фота – гэта ўспаміны ветэранаў, за якімі схавана мноства яскравых і цэнных момантаў мінулага. Частка гэтай спадчыны надрукавана ў кнігах, а другая частка захоўваецца ў музеях Бераставіцкага раёна.

Запрашаем вас, паважаныя чытачы, пазнаёміцца са знакамітай і складанай часткай гісторыі Бераставіччыны ў абласной бібліятэцы па адрасе: вул. Карбышава, 17.

Інфармацыйна-бібліятэчны аддзел ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”

Наша падарожжа па старонках раённых фоталетапісаў Гродзеншчыны працягваецца, і на гэты раз сваю гісторыю нам раскажа яшчэ адзін пераможца ў намінацыі “Быт нашых продкаў” – Інфармацыйна-бібліятэчны аддзел ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”.

Альбом атрымаўся вельмі запамінальным і ўнікальным – ён створаны з 68 рэдкіх фотаздымкаў, старэйшыя з якіх датуюцца 1913 годам! Гэтымі каштоўнымі архіўнымі кадрамі падзялілася са складальнікамі сям’я Гарбачык.

Фоталетапіс дазваляе зазірнуць у мінулае і даведацца, як жылі людзі ў ХХ стагоддзі, чым займаліся, якую насілі вопратку, якія традыцыі і звычаі былі для іх знакавымі, як перамяшчаліся і бавілі час.

На старонках можна знайсці мноства цікавых момантаў розных бакоў побытавага жыцця і традыцый: вяселле і святы, дзіцячыя гульні і цацкі, школьныя будні, жыхары вёсак і штодзённая праца. Асобным раздзелам вынесена гісторыя развіцця транспарту з 1937 па 1981 гады.

Пазнаёміцца з працай-пераможцам запрашаем ў Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Я.Ф.Карскага па адрасе: вул. Карбышава, 17.

ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка”

Мы працягваем расказваць вам пра ўдзельнікаў конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі» і на гэты раз пераносімся ў самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і традыцыямі – Свіслаччыну. Менавіта адтуль, з ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка”, прыехаў да нас пераможца ў намінацыі “Быт нашых продкаў”. Матэрыялы пададзены ў выглядзе світка: на ільняным абрусе з карункамі размешчаны раздзелы фоталетапіса – “Паўсядзённае жыццё нашых продкаў”, “Дзіцячыя і школьныя гады”, “Рамёствы і народныя промыслы”, “Традыцыі, звычаі, абрады”. Кожны з іх паказвае неверагодную каштоўнасць жыхароў Свіслаччыны – спадчыну, якая выяўляецца ў людзях, іх жыцці, традыцыях, культуры і прадметах штодзённага побыту. Летапіс дае ўяўленне аб тым, як жылі дзеды і прадзеды свіслаччан, чым займаліся, што і як святкавалі, як працавалі, якія важныя гістарычныя падзеі сустрэлі. Усе прадстаўленыя фотаздымкі ўнікальны і маюць сваю асабістую гісторыю, таму вельмі клапатліва і беражліва ахоўваюцца кожнай сям’ёй. Запрашаем вас, паважаныя чытачы, пазнаёміцца са спадчынай аднаго з самых прыгожых раёнаў Гродзеншчыны ў абласной бібліятэцы па адрасе: вул. Карбышава, 17.

YouTube player
ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”

Наша падарожжа па старонках удзельнікаў конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі» працягваецца. Сёння мы пазнаёмім вас з яшчэ адным пераможцам у намінацыі “Наш край – наш лёс” – ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Фоталетапіс нагадвае каштоўную кнігу, дзе перад кожным наступным аддзелам знаходзіцца прыгожы малюнак, зроблены ўручную. Гэта шыкоўны альбом, які распавядае гісторыю аднаго з самых старажытных гарадоў Гродзеншчыны – Ліды і паказвае яго з пачатку ХХ века і да нашых дзён. Ён сабраў мноства самых важных і яскравых момантаў з жыцця землякоў: выгляд роднага краю і яго жыхароў, сямейныя і грамадскія святы, штодзённыя справы, фотахроніку сельскай гаспадаркі, вучэбных і медыцынскіх устаноў.

Летапіс аб’ядноўвае здымкі з розных крыніц: з сямейных фотаальбомаў лідчан, з архіваў прадпрыемстваў, з асабістых калекцый. І ўсё гэта каля 100 каштоўных і ўнікальных фатаграфій, зробленых у перыяд 1950-1980-х гадоў.

Яшчэ больш цікавых фактаў пра фоталетапіс і яго напаўненне вам раскажа відэаролік, а пазнаёміцца з працай асабіста можа кожны жыдыючы ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх.

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”

Жыццё чалавека – гэта кароткае імгненне, крупінка на стужцы часу, але менавіта з такіх дробязей ствараецца ўся сучасная гісторыя. За спіной кожнага з нас стаяць пакаленні нашых продкаў, іх традыцыі і звычаі, легенды і паданні, якія сёння лічацца сапраўднай культурнай каштоўнасцю нашага краю. Таму ў 2020 годзе ўпершыню з мэтай збору, захавання і папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” арганізавалі і правялі конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”. Яго работы, унікальныя і непаўторныя, для многіх чытачоў абласной бібліятэкі сталі краязнаўчым адкрыццём, таму мы з задавальненнем раскажам вам пра кожнага ўдзельніка падрабязней. І пачнем знаёмства з пераможцы ў намінацыі “Наш край – наш лёс” – ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”. Фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына” адлюстроўвае гісторыю Мастоўскага раёна, пачынаючы з сярэдзіны 20-х і да канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Змястоўны і прыгожы самаробны альбом складаецца з 6 раздзелаў, кожны з каторых раскажа свайму чытачу мноства цікавых звестак: ад архітэктурных каштоўнасцей Мастоў да станаўлення “Мастоўдрэва”, ад гісторыі “горада пяці мастоў” да сучаснасці. Штодзённае жыццё мастаўчан, важныя падзеі і святы, любімыя мясціны і шчаслівыя ўсмешкі – прадстаўленыя ў летапісе ўнікальныя фотаздымкі сабралі самыя яскравыя і значныя моманты з гісторыі Мастоўшчыны. Яны з’яўляюцца вельмі дарагой каштоўнасцю для кожнага жыхара гэтага прыгожага краю. А яшчэ больш цікавай інфармацыі і пра альбом, і пра спадчыну Мастоўскага раёна вы можаце даведацца з відэароліка.