Пад пакровам Святога Губерта

Шаноўныя гарадзенцы!

Штогод 3 лістапада ў некаторых еўрапейскіх краінах адзначаецца Дзень святога Губерта. Хаця Губерт і быў рэальнай асобай, але звесткі пра яго жыццё ў некаторых дэталях разыходзяцца. Сюжэту пра святога Губерта было наканавана набыць і геральдычнае гучанне. Святы Губерт, з аднаго боку, шанаваўся жыхарамі Гродна, як прыклад маральнага самаўдасканалення; з другога – як заступнік паляўнічых, бо паляванне ў старажытным Гродне доўгі час было ледзь не асноўным відам дзейнасці.

Права мець свой уласны герб гарады атрымлівалі адначасова з магдэбургскім правам. Права на самакіраванне дараваў Гродна вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ў 1391 г. А канчаткова магдэбурскае права было зацверджана ў 1496 г. прывілеем князя Аляксандра.

Паводле магдэбургскага права, горад атрымаў магчымасць мець уласную пячатку. На ёй была выява герба, які быў падараваны Гродна ў 1540 годзе прывілеем каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца.

Да нашых дзён дайшлі выявы Гродзенскага гарадскога герба на пячатках магістрата, датаваныя 1565 г. і больш познім часам. На іх размешчаны алень з залатым крыжам паміж рагоў – алень святога Губерта. Сёння гэта афіцыйны сімвал абласнога цэнтра Гродзеншчыны, а Святы  Губерт –  нябесны заступнік нашага горада.

Запрашаем Вас ў аддзел краязнаўства абласной бібліятэкі (вул. Карбышава, 17, каб. 107) пазнаёміцца з кнігамі, матэрыяламі канферэнцый, газетнымі публікацыямі, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра атрыманне горадам Гродна ўласнага герба, якому ў 2020 годзе спаўняецца 480 гадоў.

Тэл. для кантактаў: 8 (0152)71-89-54.