Прафесійная кніга ў дапамогу студэнту-медыку

21 кастрычніка 2020 г. супрацоўнікамі абанементнага аддзела была праведзена куратарская гадзіна “Адукацыйная прастора медыцыны” для студэнтаў 1 курса медыка-дыягнастычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, падчас якой наведвальнікі даведаліся пра 190-гадовы шлях першай публічнай бібліятэкі Беларусі і інфармацыйныя рэсурсы ўстановы на сучасным этапе. Была праведзена экскурсія па памяшканнях бібліятэкі. Студэнты мелі магчымасць атрымаць інфармацыю па гісторыі будынка, рарытэтных кніжных выданнях галоўнай кніжніцы Прынямоння, іх размяшчэнні і захаванні ў сённяшніх умовах.

Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава кніг “Прафесійная кніга ў дапамогу студэнту-медыку” і праведзены агляд літаратуры агульнаадукацыйнага і прафесійнага характару, якая неабходна будучым урачам у працэсе навучання. Гэта дапаможнікі па філасофіі, этыцы, анатоміі, біялогіі, медыцыне, клінічнай дыягностыцы, медыцынскай экалогіі, гісторыі медыцыны, паталагічнай фізіялогіі, судовай медыцыне, псіхіятрыі, асновам медыцынскай рэабіліталогіі, урачэбнай дэанталогіі, медыцыне катастроф і надзвычайных сітуацый, эндакрыналогіі, клінічнай фармакалогіі і інш.

Акрамя гэтага, супрацоўнікі абанементнага аддзела далі кансультацыю па пошуку літаратуры ў электронным каталозе, пазнаёмілі з выставачнай залай бібліятэкі, зонай адкрытага доступу аддзела і вучэбнай медыцынскай пляцоўкай, дзе змясцілася літаратура, прысвечаная Дню ёдадыфіцыту, які таксама адбыўся 21 кастрычніка.