Адкрытая зона для чытання і сучасныя тэхналогіі – як прайшоў КнігаFest

Цёплы восеньскі вечар, закатнае сонейка і захапляльная кніга – што можа яшчэ лепш падтрымаць восеньскі настрой? Толькі кніжны фестываль!

18 верасня 2020 года Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага сабрала гарадзенцаў на яскравы КнігаFest, каб разам з жыхарамі і гасцямі горада адсвяткаваць свой 190-гадовы юбілей.

Фестываль упершыню прайшоў у новым, адкрытым фармаце.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі цікавыя падборкі кніг, сярод якіх былі як любімая многімі класіка, так і сучасныя папулярныя аўтары. Кожны прысутны мог адшукаць выданне на свой густы і адразу на месцы пачытаць – уся пляцоўка каля маладзёжнага цэнтра “Гродна” ўяўляла сабою свабодную зону для чытання.

Пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі можна было не толькі напрамую – жадаючыя карысталіся інфакіёскам, на экране якога дэманстраваліся буктрэйлеры з апошнімі паступленнямі.

Дзейнасць на імправізаванай сцэне змянялася падчас фэсту: гледачы слухалі выступленні паэтаў, жывую музыку, прымалі ўдзел у майстар-класах па побытавых танцах. Моладзі было прапанавана падзяліцца сваімі любімымі кнігамі ў рамках маладзёжнай акцыі “Прачытаў сам – раскажы другому”.

Працавалі тэматычныя пляцоўкі на розны густ і ўзрост. Дзеці з захапленнем гулялі з канструктарам LEGO Мультыцэнтра “Совушка”, падлеткі знаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі, у тым ліку віртуальнай рэальнасцю, 3D-ручкамі, інтэрактыўнымі кнігамі і гульнёвай праграмай OSMO.

У аўтограф-зоне кожны жадаючы мог сустрэцца з гарадзенскімі пісьменнікамі, а па вуліцы Савецкай курсіравала велабібліятэка.

Час праляцеў імгненна, але кожны ўдзельнік кнігафэсту атрымаў мноства прыемных пачуццяў, якія дапамаглі зрабіць гэты восеньскі вечар яшчэ больш цёплым і ўтульным.