“Янка Купала – асоба, творца, час”

З 6 па 12 ліпеня ў абанементным аддзеле бібліятэкі праходзіць купалаўскі тыдзень “Янка Купала – асоба, творца, час”. Галоўная мэта выставы – пазнаёміць аматараў чытання з кнігамі пра жыццё і творчасць пісьменніка, а таксама з культурнай спадчынай самаго Я.Купалы: поўнымі зборамі твораў аўтара, якія выдаваліся ў розныя гады (1961, 1972, 1995), з асобна надрукаванымі яго вершамі, паэмамі, п’есамі і перакладамі на беларускую мову, з факсімільнымі пецярбургскімі выданнямі зборнікаў вершаў “Жалейка” (1908) і “Шляхам жыцця” (1913), з выданнем п’есы “Тутэйшыя” (Мюнхэн, 1953), якая амаль 60 гадоў была пад забаронай для пастаноўкі і апублікавання і прынесла Янку Купалу гонар і славу толькі праз дзесяцігоддзі.

Дзеля дасягнення мэты купалаўскага тыдня ў абанементным аддзеле падрыхтаваны прагляд літаратуры “Магутны талент Я.Купалы”, на якім можна знайсці ўнікаьныя выданні, як, напрыклад,  пераклады яго 22 санетаў на 16 моў свету ў кнізе Купала Я. “Санеты: на беларускай армянскай, грузінскай, іспанскай, кітайскай, літоўскай, мангольскай, рускай, сербскай, славацкай, табасаранскай, татарскай, украінскай, французскай, чачэнскай, чувашскай, шорскай мовах. Асабліва вылучаецца інтэрнацыянальная кніга аднаго верша Я. Купалы А хто там ідзе?”, якая змяшчае пад сваёй вокладкай пераклады гэтага твора на 101 мову свету.

Чытачам, якія жадаюць пашырыць свае веды пра жыццёвы і творчы шлях песняра Беларусі, яго лёс, уплыў на творчасць іншых паэтаў, супрацоўнікі аддзела раюць звярнуць увагу на першую аднатомную персанальную беларускамоўную энцыклапедыю “Янка Купала” (1986) і самую новую трохтомную энцыклапедыю “Янка Купала” (2017-2018), якія максімальна поўна асвятляюць дзейнасць народнага паэта Беларусі яшчэ і ў кіна- і тэатральным мастацтве, жывапісе, літаратуры, аналізуюць яго паэтычныя, празаічныя, публіцыстычныя, драматургічныя творы, іх змест, літаратурна-мастацкія якасці, умовы падрыхтоўкі, распавядаюць аб краінах і гарадах, якія наведаў Я.Купала, уключаюць біяграфіі людзей, з якімі ён быў звязаны пры жыцці ці якія аказалі ўплыў на яго творчасць. У выданнях апублікавана шмат новых і малавядомых на той час дакументаў і матэрыялаў, факсіміле рукапісаў твораў, шмат ілюстрацый, фотаздымкаў, асобных артыкулаў, прысвечаных мастакам, скульптарам, кампазітарам, артыстам, вучоным, пісьменнікам, крытыкам і літаратуразнаўцам.

Прагляд літаратуры “Магутны талент Я.Купалы” будзе дзейнічаць у абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2,
каб. 201.