29 мая – 100 гадоў з дня нараджэння Вольгі Соламавай

Шаноўныя гарадзенцы!

Гродзенская зямля нарадзіла тысячы герояў, якія мужна змагаліся на франтах вайны. З Прынямоннем звязаны імёны 74 Герояў Савецкага Саюза. Многія з іх не дачакаліся Перамогі, але памяць аб іх ушанавана ў помніках, абелісках, мемарыяльных дошках, назвах вуліц і школ Гродзеншчыны.

29 мая спаўняецца 100 год з дня нараджэння Вольгі Соламавай, адной з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну.

Нарадзілася 29 мая 1920 года ў вёсцы Лаша (Гродзенскі раён). Была старэйшай дачкой у сям’і, дзе гадавалася чацвёра дзяцей. Жылі небагата. Але яе жаданне вучыцца падтрымалі – Оля скончыла 5 класаў польскай школы, добра ўмела пісаць па-руску. Усё гэта спатрэбілася ёй у недалёкай будучыні. У 1939 годзе, калі сталі стварацца першыя калгасы, адкрываліся клубы, хаты-чытальні, Вольга стварыла ў Лашы гурток мастацкай самадзейнасці. Яе арганізатарскія здольнасці былі заўважаны і дзяўчыну запрасілі на вучобу ў Гродзенскае педагагічнае вучылішча.

Скончыўшы настаўніцкія курсы, з вялікім энтузіязмам Вольга пачала працаваць у школе ў Кашэўніках. Яе актыўнасць і жаданне быць карыснай людзям заўважылі і неўзабаве яна была абрана дэпутатам абласнога Савета народных дэпутатаў.

Але Вялікая Айчынная вайна пераблытала ўсе планы Вольгі Соламавай. З першых дзён яна рвалася на фронт, пісала лісты ў ЦК камсамола з просьбай накіраваць граміць ворага са зброяй у руках. Яе пачулі і пасля заканчэння спецшколы па спецыяльнай падрыхтоўцы для працы ў тыле ворага Вольгу накіравалі ў Ліпічанскую пушчу ў брыгаду імя Аляксандра Неўскага.

Пачалася поўная суровых будняў барацьба з фашыстамі. Менавіта ў ёй і раскрыўся характар адважнай партызанкі. Вольга Соламава хадзіла на баявыя заданні, у вёсках раздавала газеты і лістоўкі, арганізоўвала моладзь на барацьбу з ворагам. Падрыў варожых эшалонаў на чыгунцы, удзел у разгроме фашысцкіх гарнізонаў, прапагандысцкая праца сярод насельніцтва… Здавалася, па сілах ёй было любое даручэнне.

Тут жа, на падпольнай працы, яна сустрэла сваё каханне – члена Гродзенскага райкама ВКП (б) Васіля Бібіча. Яны планавалі пажаніцца, але… не паспелі.

У апошнія дні студзеня 1944 года Вольга Соламава з групай партызан з Ліпічанскай пушчы выйшла на чарговае заданне. У вёску Жорнаўка прыйшлі ноччу 2 лютага. Спыніліся ў доме сувязнога, крыху адпачылі, і частка баявой групы адправілася далей. А Вольга Соламава разам з Васілём Бібічам засталіся ў населеным пункце. Яны планавалі сустрэцца з моладдзю, але трапілі ў засаду. Колькі маглі, адстрэльваліся. Нямецкія кулі не давалі магчымасці ім дабрацца да лесу, які быў зусім недалёка. Першым загінуў Васіль. Параненая Вольга працягвала страляць па фашыстам. Каб не здацца ворагу жывой, апошнюю кулю яна выпусціла ў сябе. Ёй было тады ўсяго 24 гады.

Пасля вызвалення Гродна ад фашыстаў цела Васіля Бібіча і Вольгі Соламавай перапахавалі ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у гарадскім парку ў Гродне.

Імя адважнай камсамолкі-падпольшчыцы занесена ў Кнігу ганаровых грамадзян горада Гродна. Вольга Іосіфаўна Соламава ўдастоена звання “Ганаровы грамадзянін горада Гродна”. Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 1 ступені.

На радзіме В.І. Соламавай і на месцы яе смерці ўстаноўлены помнікі.  Вуліцы ў Гродне, Скідзелі і Вялікай Бераставіцы носяць імя партызанкі. Гэта імя чырвонымі літарамі выведзена на цеплаходзе, які курсіруе па Нёмане. У памяць аб камсамолцы, якая аддала перавагу загінуць, але не здацца ворагу, штогод праходзіць турнір па плаванні.

Запрашаем Вас у аддзел краязнаўства абласной бібліятэкі пазнаёміцца з энцыклапедычнымі выданнямі, кнігамі, матэрыяламі канферэнцый, газетнымі публікацыямі, у якіх змяшчаецца інфармацыя  пра жыццё і баявыя справы Вольгі Соламавай.

Даведкі па тэл.: 71 89 54.