5 мая – 110-гадоў Апанасу Цыхуну

Шаноўныя гарадзенцы!

5 мая спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Цыхуна Апанаса Пятровіча – паэта, грамадскага дзеяча, ветэрана вайны, фалькларыста, краязнаўца, аўтара шматлікіх кніг, літаратара і заслужанага настаўніка Беларусі.

Нарадзіўся Апанас Пятровіч у в. Кунцаўшчына Гродзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Лаша, сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі быў залічаны ў настаўніцкую семінарыю ў Гродне, аднак з-за адсутнасці сродкаў на аплату вучобы вымушаны быў вярнуцца ў родную вёску. Ужо тады ён пачаў збіраць і запісваць мясцовыя дыялекты. У 1927-1932 гг. вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Апанас Пятровіч ваяваў на фронце.

Пасля вайны, завочна скончыўшы Гродзенскі педінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам школ Гродзеншчыны. Многія гады быў інспектарам аддзела народнай адукацыі Гродзенскага раёна. Узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце “Сельская новь”.

Апанас Цыхун аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці, грамадскай дзейнасці. Сэнсам жыцця для яго стала краязнаўства і менавіта дзякуючы яму шырокая грамадскасць даведалася пра многія цікавыя звесткі пра Гродзеншчыну.

Выдаў унікальны для Беларусі слоўнік “Скарбы народнай мовы” (1993). У 1995 г. выйшла кніга паэзіі “Легенды і балады Гродзеншчыны”. Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік “Песні з народных глыбіняў” (2000). А.Цыхун даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка Я.Ф. Карскага: напісаў краязнаўча-біяграфічны нарыс “Акадэмік з вёскі Лаша”, сабраў матэрыялы і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я.Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша. Пасля закрыцця навучальнай установы А.П. Цыхун быў каардынатарам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка ў гімназіі № 1 г. Гродна.

Быў ініцыятарам усталявання помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыі помніка роду Карскіх у Лашы.

Напісаў верш “Родная мова”, які разам з заслужаным дзеячам культуры кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся своеасаблівы гімн беларускай мове.

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” (2003).

Больш падрабязна з літаратурнай спадчынай Апанаса Цыхуна можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага (вул. Карбышава, 17).

Даведкі па тэл.:71 89 54.