Дыпламат і паэт

12 сакавіка 2020 года ў сценах галоўнай кніжніцы Прынямоння адбылася творчая сустрэча з Аляксандрам Авяр’янавым, паэтам і бардам, дыпламатам, паслом Беларусі ў Польшчы (2013-2019).

Літаратурна-музычная праграма “Акорды вясновай паэзіі” складалася з вершаў і песняў на беларускай, рускай і польскай мовах на словы і музыку аўтара.

Людміла Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” выступіла ў якасці вядучай вечара. Яна спярша расказала пра нетыповую біяграфію госця. Затым Аляксандр Казіміравіч запрасіў усіх у свет сваёй паэтычнай творчасці: спяваў і граў на гітары, чытаў вершы, узгадваў пра тое, як пачаў пісаць спачатку “ў стол”, а потым дзякуючы жонцы Алене Эдуардаўне (яна, дарэчы, выступіла рэдактарам першай кнігі паэзіі мужа) пачаў выходзіць са сваёй творчасцю да публікі.

Аляксандру Авяр’янаву дапамагалі вучні сярэдняй школы № 36 з польскай мовай навучання г. Гродна, якія чыталі вершы ў перакладах на польскую мову. Падчас дыпламатычнай місіі ў Варшаве Аляксандр Казіміравіч значна паспрыяў працы перакладчыкаў паэзіі, вынікам чаго стала выданне зборніка “Масты. Mosty”.

Прадстаўнікі гродзенскай інтэлігенцыі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы.

Сабраныя ў новым галоўным корпусе ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага” усцешана віталі паэзію Аляксандра Авяр’янава і выказалі жаданне, каб ён яшчэ раз прыехаў у Гродна.