Бібліятэка – карыстальнікам: рэсурсы і паслугі

30 студзеня 2020 года ў галоўным корпусе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага прайшоў дзень інфармацыі “Бібліятэка – карыстальнікам: рэсурсы і паслугі”, падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы.

Удзельнікамі мерапрыемства былі навучэнцы Гродзенскага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага. Падчас сустрэчы ішла размова пра гісторыю бібліятэкі, якая ў бягучым годзе адзначыць сваё 190-годдзе і яе магчымасці ў сучасных умовах.

Слухачы пазнаёміліся з новай літаратурай па электраабсталяванню, тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту аўтамабіляў, якую можна будзе выкарыстаць падчас вучобы. У ходзе мерапрыемства была праведзена экскурсія па бібліятэцы. Навучэнцы пазнаёміліся з новым будынкам бібліятэкі, калекцыяй рэдкіх выданняў, магчымасцямі залы электронных рэсурсаў.