“З любоўю да Гродна”: да 70-годдзя Віктара Саяпіна

Шаноўныя гарадзенцы!

17 студзеня 2020 года спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Юр’евіча Саяпіна (1950 – 2017, Гродна), краязнаўца, публіцыста, экскурсавода, саветніка мытнай службы I рангу, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва” ў намінацыі “Журналіст года” (2011), прэміі імя Ю. Ядкоўскага (2013). З 1961 г. жыў у Гродне.

Віктар Юр’евіч – аўтар кніг, у якіх даследаваў кожны куток любімага Гродна, і проста гродзенец у чацвёртым пакаленні, які ведаў пра свой горад усё. Ён, захапіўшыся роднымі мясцінамі, змог сабраць масу ўнікальнай інфармацыі.

У кнігах, напісаных на аснове архіўных дакументаў, газетных матэрыялаў, успамінаў аўтара і старажылаў нашага горада, можна даведацца пра помнікі і скульптуры, забытыя фабрыкі і заводы, пра гісторыю і дасягненні гродзенскага спорту, гісторыю грамадскага транспарту, пра вуліцы, будынкі і іншыя цікавыя факты з гісторыі абласнога цэнтра.

Запрашаем Вас пазнаёміцца з выданнямі В.Ю.Саяпіна ў аддзеле краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага (вул. Карбышава, 17).