Дабрачыннае навагодняе свята ў Доме Элізы Ажэшкі

20 снежня 2019 г. у ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” ўжо ў чатырнаццаты раз прайшла Дабрачынная навагодняя елка. Як і больш за сто год таму, па традыцыі, якая была закладзена сусветна вядомай пісьменніцай Элізай Ажэшка, гасцінны домік адчыніў дзверы для дзяцей-сірот. Звыш 50 выхаванцаў з Панямуньскага дзіцячага дома і Гродзенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра прынялі ўдзел у свяце.

Дзяцей чакалі сустрэчы з казачнымі героямі, карагоды, вясёлыя гульні, ну і канешне ж, падарункі.

Штогод спонсарскую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні дабрачыннай елкі аказваюць прадпрыемствы і арганізацыі горада, прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій, а таксама чытачы абласной бібліятэкі. Не выключэннем стаў і 2019 год: на прапанову Гродзенскай абласной бібліятэкі прыняць удзел у дабрачынным свяце для дзяцей-сірот адгукнуліся: ААТ “Малочны мір”, ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, ААТ “Мока”, ААТ “ГроднаБакалея”, ТДА “Фірма ABC”, ААТ “Гроднахлебпрам”, ААТ “Гронітэкс”, філіял ААТ “Беларусбанк”, СААТ “КонтэСПа”, Гродзенскі абкам прафсаюзаў работнікаў гандлю, СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, “Дынама-Програм”, а таксама добразычлівыя жыхары Гродна.

Кожны з дзяцей атрымаў падарункі (аддзенне, канцтавары, цацкі, салодкія пачастункі). Акрамя таго, для іх быў арганізаваны святочны стол з прадукцыяй лепшых гродзенскіх прадпрыемстваў.

Такім чынам, і на сённяшні дзень наша знакамітая зямлячка Эліза Ажэшка аб’ядноўвае неабыякавых людзей у справе міласэрнасці.