Бібліятэка і чытач: новы фармат узаемадзеяння

Пра новы фармат узаемадзеяння паміж бібліятэкай і чытачом вялі размову загадчыкі аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі раённых, гарадской цэнтральных бібліятэк Гродзеншчыны падчас абласнога семінара, які праходзіў 29 лістапада 2019 года на базе дзяржаўнай установы культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Арганізатары мерапрыемства – упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, Лідскі райвыканкам і дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.

Падчас агляднай экскурсіі, якая была праведзена дырэктарам бібліятэкі А.М.Мартынавым, удзельнікі семінара наведалі ўсе структурныя падраздзяленні раённай бібліятэкі, пазнаёміліся з афармленнем прадастаўленнай наведвальнікам інфармацыі. Асаблівая ўвага была накіравана на панарамную выставу “Лідскі край: ад слаўнай гісторыі да сучаных дасягненняў”.

З галіной культуры Лідчыны і перспектывамі яе развіцця прысутных пазнаёміла Н.Ф.Леўшунова, начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама.

М.Э.Ігнатовіч, намеснік дырэктара ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”, прадставіла аналіз дзейнасці раённых (гарадской) цэнтральных бібліятэк Гродзенскай вобласці і акрэсліла задачы на 2020 год.

У працяг зместу семінара галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама І.Ю.Жук-Куніцкая распавяла пра асноўныя патрабаванні і ўмовы эфектыўнасці сацыякультурнай дзейнасці публічнай бібліятэкі.

З сучаснымі тэндэнцыямі арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў і інавацыйнымі падыходамі да выставачнай дзейнасці ў абласной бібліятэцы прысутныя даведаліся з паведамленняў Ж.П.Макалавай, загадчыка абанементнага аддзела і Л.Л.Хадароўскай, загадчыка аддзела мастацтва.

Працу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, яе інфармацыйны камфорт ад кніжных выстаў да мабільнага абслугоўвання насельніцтва прадставіла ў сваім дакладзе загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы С.Р.Касіцына. Дадаткам да выступлення стаў відэаролік аб рабоце бібліобуса, які з’яўляецца сучасным перасоўным бібліятэчным цэнтрам.

Вопытам работы па стварэнні краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў ўласнай генерацыі падзялілася В.М.Тарасава, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.Макаёнка ДУК “ЦБС г. Гродна”.

Загадчыкі аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі раённых бібліятэк вобласці прынялі ўдзел у відэаканферэнцыі з А.А.Тарасевічам, магістрам педагагічных навук, спецыялістам аддзела маркетынгавых даследаванняў ЦНБ імя Я.Коласа НАН Беларусі. Для ўсіх было вельмі карысным даведацца больш падрабязна аб выкарыстанні тэхналогій WEB 2.0 у бібліятэчнай практыцы.

Нягледзячы на агучаныя на семінары праблемы агульны настрой быў канструктыўным, пазітыўным і дзелавым.

Асобным блокам у праграме семінара быў выдзелены трэнінг на тэму “Сучасная бібліятэка. Кірмаш ідэй”.

Удзельнікі семінара наведалі філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”, а таксама Лідскі замак, дзе была арганізавана аглядная экскурсія “Замак Гедыміна – помнік архітэктуры XIV стагоддзя”.