75 літаратурна-мастацкіх выданняў з нагоды юбілею Гродзенскай вобласці

У межах выставачнага праекта “Гродзеншчына ў кніжным фармаце” супрацоўнікі абанементнага аддзела прапануюць 75 мастацкіх твораў з нагоды юбілею Гродзенскай вобласці. Да ўвагі карыстальнікаў прадстаўлены выданні рускіх, беларускіх, польскіх і іншых пісьменнікаў, якія прысвяцілі Гродзеншчыне свае творы.

Уся прыгажосць і велічнасць Гарадзеншчыны знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці такіх аўтараў як У.Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”; А.Міцкевіч “Пан Тадэвуш”, “Гражына”; Л.Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча” (дарэчы, дадзеная кніга мае аўтограф пісьменніцы), “Сэрца мармуровага анёла”, “Сутарэнні Ромула”; М.Арбатава “Дэгустацыя Індыі”; М.Сердзюкоў “На семи ветрах”; А.Марціновіч “Нежность звёздного неба”, “Серенада под сенью столетий”; К.А.Дойл “Собака Баскервилей”; Я.Сіпакоў “Зубрэвіцкая сага”; А.Цяжкі “Смятение”; М.Амялішка “Заблудныя”; А.Бажко “Перад вераснем”; К.Сіманаў “Живые и мёртвые”; Ю.Татарынаў “Старосветская Беларусь”; П.Чыгрынаў “Тайна великого князя”; І.Эрэнбург “Бурная жизнь Лазика Ройтшванеца”; К.Мароз “Восхождение к трону” і інш. Аўтары красамоўнымі літарамі ўпісалі споведзі сваіх душ і сэрцаў пра родныя гродзенскія краявіды, раскрылі падзеі гісторыі, хараство і багацце чалавечых характараў, а таксама розныя праблемныя жыццёвыя сітуацыі.

На праглядзе літаратуры “Гродзеншчына на старонках мастацкай літаратуры” перш-найперш раім звярнуцца да кнігі “Слова аб палку Ігаравым”, у якой невядомы аўтар ўпершыню і са смуткам згадвае Гародню, шкадуючы, што бясконцыя войны знішчаюць яе хараство.

Кніга С.Чыгрына “Легенды і паданні Слонімшчыны” рэкамендавана тым, каго цікавіць гісторыя гэтага мястэчка. Падобны твор і “Гродзеншчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў i паданняў”.

Пра Гальшаны і Гальшанскі замак можна прачытаць у кнігах У.Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, П.Гацілава “Предание о Нальшанах” і інш.

У кніжнай экспазіцыі значнае месца займаюць творы Элізы Ажэшкі, якая нарадзілася ў в. Мількаўшчына ля г. Гродна і ўсё жыццё жыла і тварыла ў гэтым рэгіёне – “Нізіны”, “Хам”, “Над Нёманам”, “Последняя любовь”, “Раманіха” і інш. Галоўнымі матывамі яе творчасці з’яўляюцца апісанні непаўторнага хараства і багацця прыроды Гарадзеншчыны, сярод якіх асаблівая ўвага надаецца мілавіднаму Нёману. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што Эліза Ажэшка Гродна называе “Ангрод”.

Алаіза Пашкевіч (Цётка) родам са Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, але пад пагрозай арышту была вымушана пакінуць сваю Радзіму і эмігрыраваць у Польшчу, што толькі ўзмацніла яе жаданне пісаць аб Беларусі і Гарадзеншчыне са смуткам і шчырай любоўю. З вялікім разуменнем менталітэту беларусаў Цётка падышла да апісання побыту насельніцтва і прыгажосці такіх гарадоў як Вільня, Слуцк, Гродна і Пецярбург у сваёй “Вечарынцы ў Пецярбургу”.

Зоф’я Налкоўская таксама цесна звязана з горадам над Нёманам, дзе пражывала некаторы час і стварыла многія свае творы: “Гродна”, “Там, дзе жыла і тварыла Эліза Ажэшка”, “Сцены свету”, “Нядобрае каханне”, “Мяжа”, “Вузлы жыцця”, “Дзённік 1918-1929”.

Не абмінуў увагай г. Гродна, раку Нёман у сваіх раманах “Катарга”, “Пяром і шпагай” і рускі пісьменнік Валянцін Пікуль. Гэты аўтар вядомы гістарычнай і ваенна-марской тэматыкамі, таму ён апісвае Гарадзеншчыну фактычна і геаграфічна, без выкарыстання разгорнутых мастацкіх апісанняў і метафар.

Не застануцца ў старонцы і нашы маленькія чытачы: “Казку пра раку Нёман і яго сям’ю” яны змогуць прачытаць у кнізе Таццяны Дамаронак “Казкі сінявокай зямлі”.

Выданні, якія прыцягнулі вашу ўвагу, можна атрымаць па адрасе: вул. Замкавая, 20, каб. № 9 (аддзел абанемента).

Шчыра запрашаем да чытання!