Унікальная выстава, прысвечаная Маці

“Душы мацярынскай свет” – пад такой назвай з 10 кастрычніка ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага пачала дзейнічаць выстава, прысвечаная Маці.

Звыш 600 экспанатаў з фонду абласной бібліятэкі і прыватнай калекцыі гродзенскага гісторыка і краязнаўцы Аляксандра Сявенкі – гэта своеасаблівая даніна павагі жанчыне-маці, гаспадані і захавальніцы хатняга ачага.

Увазе гарадзенцаў і гасцей горада прадстаўлены паштоўкі, іконы, кнігі і перыядычныя выданні, узнагароды, пісьмы і іншыя прадметы матэрыяльнай культуры.

У экспазіцыі шырока адлюстраваны арыгінальныя фатаграфіі, якія датуюцца канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст. Гэта здымкі маці з дзецьмі, сямейныя фота, зробленыя ў салонах, і простыя аматарскія – у кватэрах, на вуліцах, у грамадскіх месцах… Галоўным на ўсіх фотаздымках з’яўляецца вобраз маці, радасць і шчасце мацярынства!

Усе экспанаты, прадстаўленыя на выставе “Душы мацярынскай свет”, сабраны на Гродзеншчыне. Гэта наша гісторыя да якой мы можам дакрануцца.