Чытацкая канферэнцыя “Адпачынак з кнігай: ці мажліва?”

21 верасня дзіцячы філіял запрасіў удзельнікаў конкурсу “Лета і кніга–2019” на чытацкую канферэнцыю. На сустрэчы прысутнічалі не толькі пераможцы бібліямарафона, але і ўдзельнікі, якія не ўвайшлі ў лік прызёраў. Аматараў чытання аб’ядналі гульнёвыя “спаборніцтвы” ў літаратурнай віктарыне, абмен уражаннямі ад прачытаных твораў і калектыўны роздум над старонкамі любімых кніг.

Агляд папулярнай літаратуры, які быў падрыхтаваны з улікам прачытаных летам твораў, нагадаў імёны вядомых беларускіх і замежных аўтараў і анансаваў мастацкія навінкі.

Юныя чытачы і іх бацькі падзяліліся разважаннямі аб чытацкіх прыхільнасцях і нават запоўнілі “Залатую палічку” любімымі дзіцячымі творамі, сярод якіх “Незнайка на Луне” М. Носава, “Волшебник Изумрудного города” А. Волкава, “Приключения Васи Куролесова” Ю. Коваля, “Малахитовая шкатулка” П. Бажова, серыя кніг Х. Вэб, творы Ю. Сітнікава і шмат іншых.

Бібліятэкары дзіцячага філіяла падрыхтавалі выставу творчых работ юных чытачоў, прысвечаных упадабаным творам: малюнкі, кампазіцыі з пластыліна, гліняныя вырабы, папернае канструяванне і аплікацыі. Побач з дзіцячымі працамі суседнічалі кнігі, якія ўразілі і натхнілі на творчасць.

Удзельнікі чытацкай канферэнцыі перакананы, што кніга і сёння не страціла важнай ролі ў развіцці чалавека, а чытанне – не проста занятак ці забаўка. Чытанне – і з гэтым згодны і дарослыя, і дзеці – праграма духоўнага станаўлення на ўсё жыццё.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя былі запрошаны на фотасесію з любімымі кнігамі і заняткі ў лабараторыях Мультыцэнтра “Совушка”.