Гродзеншчына: куточак вялікай Радзімы

У абанементным аддзеле арганізаваны прагляд літаратуры “Гродзеншчына: куточак вялікай Радзімы”, прымеркаваны да 75-годдзя Гродзенскай вобласці, якая была ўтворана 20 верасня 1944 года згодна з Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР № 118/173.

Супрацоўнікі аддзела прапануюць наведвальнікам праз прадстаўленыя на выставе кнігі, фотаальбомы, дакументальныя матэрыялы прасачыць 75-гадовы шлях развіцця вобласці: адміністрацыйнае кіраванне, станаўленне і развіцццё эканомікі, устаноў адукацыі, сацыяльнай сферы і культуры.

Выданні згрупіраваны па раздзелах: “Гродзеншчына: мая вобласць, мой гонар”, “Прывабнасць Гродзенскага краю”, “Літаратурная прастора Гродзеншчыны”, “Злучаныя Гродзеншчынай”.

Кніга “Гродненский край приглашает гостей” пазнаёміць з гісторыка-культурнай спадчынай Прынёманскага краю, славутасцямі і турыстычнымі магчымасцямі, маляўнічымі краявідамі, зробіць кароткі экскурс па галоўных аб’ектах нашай зямлі, сярод якіх можна назваць Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, ландшафтныя заказнікі “Котра”, “Ліпічанская пушча”, “Сарачанскія азёры” і многія іншыя. Гродзенская зямля багата на таленавітых неардынарных землякоў, якія зрабілі значны ўклад у мастацтве, літаратуры і духоўным жыцці краіны. Іх імёны ведаюць, імі ганарацца. Ілюстраваныя выданні “Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы” і “Гродненщина в лицах” распавядаюць пра гістарычную, культурную і духоўную спадчыну гэтай самабытнай і прыгожай старонкі нашага краю. Фотаальбом “Гродненщина на пути созидания и развития” прадстаўляе змяненні горада, дае магчымасць убачыць сваімі вачыма як ён мяняўся: людзі, вуліцы, памяшканні, прадпрыемства.

Сваё месца на выставе знайшлі і мастацкія творы пісьменнікаў і паэтаў, творцаў і гісторыкаў, прысвяціўшых свае радкі нашай малой радзіме, і тыя, хто звязаны з Гродзеншчынай. У раздзеле “Літаратурная прастора Гродзеншчыны” можна ўбачыць выданні Ларысы Геніюш (“Лісты з Зэльвы”), Аляксея Карпюка (“Выбраныя творы”), Людмілы Кебіч (“Рай для адзіноты”), Уладзіміра Караткевіча (“Хрыстос прызямліўся ў Горадні”), Васіля Быкава (“Выбраныя творы”) і іншых аўтараў.

Матэрыялы, прадстаўленыя з фонду аддзела, безумоўна, цікавяць як людзей больш сталага ўзросту, бо гэта гады іх маладосці, так і дзяцей, якія з захапленнем разглядваюць старыя фотаздымкі і шукаюць агульныя рысы з сённяшнім днём.

Запрашаем на чарговую выставу-прагляд “Гродзеншчына: куточак вялікай Радзімы”, з цыкла “Радзімай сваёй ганаруся”, дзе можна пазнаёміцца з выданнямі, якія выклікаюць любоў і павагу да гісторыі і культуры нашага краю, дапамагаюць пашырыць і ўзбагаціць веды аб роднай Гродзеншчыне.

Выстава-прагляд дзейнічае: вул. Замкавая, 20, пак. № 9.