Узнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ладзіцца штогод Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Узнагароджванне пераможцаў ХХVІІ-га па ліку адбылося ўпершыню ў Дзень беларускага пісьменства 1 верасня.

Сярод пераможцаў і бібліятэчныя ўстановы Гродзеншчыны, у капілцы якіх пяць дыпломаў і дзве заахвочвальныя прэміі.

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” дыплом першай ступені атрымала сельская бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна. Бібліятэчнай установай рэалізаваны праект “Стварэнне клуба старастаў вёсак “КУТ”, які прафінансаваны Еўрасаюзам у межах праграмы міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Пры бібліятэцы дзейнічае клуб старастаў вёсак “КУТ”, створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, набыта новае абсталяванне і працуе валанцёрская група па абслугоўванні людзей сталага ўзросту.

Дыплом другой ступені ў гэтай жа намінацыі ўручаны бібліятэцы-філіялу № 3 ДУК “ЦБС г. Гродна”. У аснове навацыі ўстановы – адкрыццё музейнага пакоя “Лялечны дом” з 18-цю тэматычнымі экспазіцыямі, арганізацыя працы аматарскага клуба “Гарадзенская лялька”.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” дыпломам трэцяй ступені адзначана Астравецкая раённая бібліятэка. З мэтай збору краязнаўчай інфармацыі супрацоўнікі ўстановы здзейснілі 7 пошукавых экспедыцый, сабралі багаты фактаграфічны матэрыял, мноства фотаздымкаў, занатавалі ўспаміны старажылаў раёна.

Раклевіцкая сельская бібліятэка – цэнтр традыцыйная культуры ДУК “Дзятлаўская раённая бібліятэка” ўзнагароджана дыпломам другой ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”. Асобае месца ў рабоце бібліятэчнай установы займае папулярызацыя беларускай літаратуры.

Іўеўская дзіцячая бібліятэка актыўна працавала ў межах праектаў па папулярызацыі кнігі і чытання і атрымала дыплом трэцяй ступені ў гэтай жа намінацыі.

Акрамя таго, заахвочвальныя прэміі ўручаны філіялам “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна” ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа” і “Радунская гарпасялковая бібліятэка” ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Павіншавалі пераможцаў конкурсу і ўзнагародзілі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская і намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч.