Шлях друкаванага слова

Святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме 31 жніўня і 1 верасня толькі адгрымелі. Сустрэчы з беларускімі творцамі, канцэрты і майстар-класы былі добрай нагодай для азнаямлення шматлікіх гасцей свята з новымі выданнямі і расповяду пра мінулае і традыцыі беларускага кнігадрукавання.

Універсальная чытальная зала ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага” прапануе шырокаму колу чытачоў кніжную выставу “Шлях друкаванага слова”. На ёй прадстаўлены выданні аб пачатках беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, аб дзейнасці Францыска Скарыны, гісторыі станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы, перыядычнага друку. Варта таксама звярнуць увагу і на найноўшыя кнігі пра класікаў беларускай літаратуры: Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Кузьму Чорнага, Уладзіміра Дубоўку.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу па адрасе: вул. Замкавая, 20, універсальная чытальная зала.

Тэл. для даведак: 71-89-49.