Удзел публічных бібліятэк у свяце пісьменства

Публічныя бібліятэкі Гродзеншчыны прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім Дні беларускага пісьменства, які прайшоў 1 верасня ў г.Слонім.

У гарадскім парку разгарнулася вялікая пляцоўка, дзе 16 раённых бібліятэчных сістэм і ЦБС г. Гродна прадставілі свае краязнаўчыя экспазіцыі, прысвечаныя малой радзіме.

Кнігі, сустрэчы з мясцовымі аўтарамі, відэафільмы, забаўляльныя гульні, інтэрактыўныя конкурсы і віктарыны – кожная бібліятэчная сістэма падрыхтавала цікавую і пазнавальную праграму.

Бібліятэкары Бераставіччыны і Ашмяншчыны знаёмілі наведвальнікаў са знакамітымі ўраджэнцамі раёнаў, дзятлаўчане і лідчане прадэманстравалі асаблівасці вясковага жыцця насельніцтва, а мастаўчане і смаргонцы здзіўлялі славутасцямі сваёй мясцовасці.

Гаспадарамі пляцоўкі Іўеўскай раённай бібліятэкі былі прадстаўнікі чатырох нацыянальнасцяў – беларускай, польскай, яўрэйскай і татарскай, якія пражываюць у згодзе на тэрыторыі раёна.

Брэндавым мерапрыемствам, якія ладзяцца на малой радзіме, прысвяцілі свае пляцоўкі супрацоўнікі бібліятэк Зэльвеншчыны і Астравеччыны.

Свіслацкая раённая бібліятэка прадэманстравала гонар нашай вобласці – нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Тут можна было пазнаёміцца са старонкамі “Чырвонай кнігі” рэгіёна, возерам Дзікае і яго насельнікамі

Гродзенскі раён прапанаваў цікавую вандроўку па Аўгустоўскім канале, літаратурную рыбалку і ўнікальную магчымасць стаць на некалькі хвілін супрацоўнікам адзінай у рэспубліцы велабібліятэкі, якая працуе пры Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання.

Наведвальнікі свята пазнаёміліся з “Навагрудскімі цікавосткамі”, убачылі экспанаты з музеяў вядомага музыканта Чэслава Немэна і знакамітай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якія з’яўляюцца сапраўдным гонарам Шчучынскай зямлі, а таксама пагулялі ў гістарычныя шашкі з выявамі ўладальнікаў Мірскага замка, што на Карэліччыне.

Сапраўдную тэатралізацыю прадставілі бібліятэкары Воранаўскага раёна. Удзельнікі дня пісьменства сталі сведкамі гістарычнай падзеі – сустрэчы Адама Міцкевіча з Марыляй Верашчака.

Майстар-класы, знаёмства з лялькамі, інтэрактыўныя гульні прапанавалі спецыялісты ЦБС г. Гродна.

Ваўкавыск прадставіў сучасныя тэхнічныя вынаходкі – кожны жадаючы змог скарыстацца пескаграфіяй і прысвяціць свой малюнак рэспубліканскаму святу.

Такім чынам, дзякуючы інфармацыйным рэсурсам публічных бібліятэк вобласці, госці і ўдзельнікі свята беларускага пісьменства змаглі ажыццявіць своесаблівае падарожжа па Прынеманскім краі і ўбачыць асаблівасці кожнага рэгіёна.