Злучаныя Гродзеншчынай: выстава мастацкай літаратуры, прысвечанай Гродзенскай вобласці

20 верасня спаўняецца 75 год з часу стварэння Гродзенскай вобласці. Адчуванне значнасці надыходзячай юбілейнай даты менавіта ў Год малой Радзімы хвалюе і выклікае зацікаўленнасць у гарадзенцаў як да дасягненняў у розных сферах дзейнасці, так і да падзей і знакавых дат у гісторыі Прынямоння.

Супрацоўнікамі абанементнага аддзела Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага падрыхтавана выстава-прагляд “Цікава пра Гродна і Гродзеншчыну”, дзе пераважная ўвага аддаецца прозе. Прынёманскі край адлюстраваны ў творчасці прадстаўнікоў розных эпох і культур, натхнёных духоўнай сілай, веліччу адвечнай славы нашага багатага гістарычнымі падзеямі рэгіёна.Бібліятэкары прапануюць агляд найбольш цікавых выданняў.

Паэт, пісьменнік, улюблёны ў свой родны край Апанас Цыхун – аўтар шматлікіх кніг, краязнаўца, фалькларыст, заслужаны настаўнік Беларусі, актыўны грамадскі дзеяч. Сэнсам жыцця для яго стала краязнаўства і менавіта дзякуючы яму шырокая грамадскасць даведалася пра многія цікавыя звесткі пра Гродзеншчыну (Цыхун, А. П. Легенды і балады Гродзеншчыны: [кніга вершаў і прозы аб родным краі, яго людзях, мінулым і сучасным Прынямоння] / Апанас Цыхун. – Гродна: Абласное аддзяленне Беларускага фонду культуры, 1995. – 102, [2] с.).Творчасць Аляксея Карпюка самым цесным чынам звязана з Гродзеншчынай матэрыяламі, сюжэтамі, гістарычнымі і этнаграфічнымі рэаліямі. Яго творы, сярод якіх “Пушчанская адысея”, “Белая дама”, “Карані”, “Вершалінскі рай” – своеасаблівая хроніка гродзенскага краю, у якой і гістарычная даўніна, і вызваленчыя справы часоў польскай санацыі,  і барацьба з гітлераўскімі акупантамі, і лёс гродзенскіх мастоў, і паэтычны ўзлёт гродзенскай гімнасткі Вольгі Корбут… А яго раман “Данута” прызнаны лепшым беларускім раманам пра каханне, дзякуючы ярка і псіхалагічна пераканаўча апісаным пачуццям (Карпюк, А.Н. Данута: повесть / Алексей Карпюк; авториз. пер. с бел. Н.Кислика; худож. Е.Игнатьев. – 2-е изд.. – Мінск: Юнацтва, 1989. – 319с.).

“У багатым і разнастайным культурным жыцці Беларусі Гродзеншчына займае мабыць адно з самых адметных месц”, – так адзначыў  Народны пісьменнік Васіль Быкаў, які правёў у Гродне амаль 25 гадоў. Цэлая глава аповесці “Дажыць да світання” (1972 г.) прысвечана апісанню даваеннага Гродна. Перад рашаючай бітвай лейтэнант Іваноўскі ўспамінае сваю прадваенную службу ў гэтым горадзе над Нёманам, першае і адзінае каханне. Дарэчы, Янінка – мілая дзяўчына з аповесці – жыве зусім недалёка ад касцёла над берагам Нёмана:

“– Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад,  франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліёна. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгаўз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава” (Быкаў, В.У. Дажыць да світання: аповесцi / Васіль Быкаў; аўт. прадм. Д.Бугаёў; маст. Г.Г.Паплаўскі. – Мінск: Юнацтва, 1990. – 494с. – (Школьная бiблiятэка).Датычна смерці Элізы Ажэшкі ёсць кароткае згадванне-апісанне ўрачыстых пахаванняў пісьменніцы ў маі 1910 г. у рамане Ігара Неверлі “Сопка голубого сна” – гісторыі пра нялёгкае жыццё польскага рэвалюцыянера ў першай палове XX стагоддзя: “Днем 8 мая экстренные выпуски варшавских газет сообщили о смерти Элизы Ожешко, скончавшейся в Гродно в возрасте 68 лет. Похороны писательницы превратились в массовую национальную демонстрацию. Из Варшавы прибыло 900 делегаций, много писателей, журналистов. За гробом шло пятнадцать тысяч человек. Магазины во всем городе были закрыты, уличные фонари — закутаны в черное. На кладбище выступили тридцать ораторов”. (Неверли, И. Сопка голубого сна: роман / Игорь Неверли ; пер. с пол. Э.Гессен; предисл. Ю.Болдырева. – Москва: Художественная литература, 1989. – 415с.)

З рамана Уладзіслава Рэйманта “Последний сейм Речи Посполитой” можна даведацца, чаму сейм 1793 г., які адбыўся ў Гродне, завуць нямым ці маўклівым. Калі расійскі пасол Рэпнін М. у чарговы раз запытаў у сабраных раней дэпутатаў, ці згодны яны на падзел Рэчы Паспалітай, а тыя не адказалі, тады вось Рэпнін і прамовіў вядомую фразу: “Маўчанне – знак згоды”. Факт – агульнавядомы, толькі ні ў якім падручніку вы гэтага не ўбачыце (Реймонт, В. Последний сейм Речи Посполитой: исторический роман / Владислав Реймонт; пер. с пол. Е.Троповского. – Минск: Беларусь, 1994. – 334,[2]с.).

Гродзеншчына не раз станавілася маляўнічай дэкарацыяй для кіназдымак.

У кнігу вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава ўвайшлі кінааповесці, па якіх фільмы ўжо зняты і сталі легендарнымі, а таксама тыя, якія яшчэ чакаюць свайго экраннага ўвасаблення.

І сёння ў абласным цэнтры знаходзіцца вуліца з паэтычнай назвай Белыя Росы. Яшчэ зусім нядаўна, усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму назад, на гэтым месцы размяшчалася вёска з аднаіменнай назвай. Горад паступова рос і пашыраўся, так чарга дайшла і да Белых Рос, якія засталася толькі ў кінафільме, дзе кожная хата, кожны куток, якія мільгаюць у карціне, знаёмы не аднаму пакаленню (Дударев, А.О. Белые Росы и другие киноповести / Дударев Алексей. – Минск: Літаратура і Мастацтва, 2011. – 319с.).

Сярод чытачоў бібліятэкі вялікай папулярнасцю карыстаецца яшчэ адна шырока вядомая не толькі ў нашай краіне экранізаваная кніга. Гэта твор Уладзіміра Багамолава  “Момант ісціны” (“У жніўні сорак чацвёртага…”), які створаны на фактычнам матэрыяле. Асноўныя падзеі рамана адбываюцца ўлетку 1944 г. на тэрыторыі Гродзеншчыны. На толькі што вызваленай ад фашыстаў тэрыторыі актыўна дзейнічаюць агенты праціўніка,      рэгулярна ў эфір выходзіць шпіёнская група, якая перадае шыфраваныя радыёграмы і застаецца няўлоўнай. Так узнікае справа ваеннай контрразведкі “Нёман”. Цікава, што ў аснове рамана і пастаўленага па ім фільма – рэальныя падзеі па злову нямецкай разведгрупы ў раёне Гродна. Кожны чалавек проста абавязаны хоць зрэдку чытаць падобныя кнігі, каб памятаць, якіх нечалавечых намаганняў і якім коштам парой мог быць аплачаны адзіны момант – момант ісціны (Багамолаў, У.В. Момант ісціны: (У жніўні сорак чацвёртага…) / Уладзімір Багамолаў; пер. з рус. мовы Ул. Паўлава. – Мінск: Мастацкая лiтаратура, 1984. – 415с.).

Кніга папулярнага пісьменніка Славаміра Антановіча “Призраки Можейковской крепости” лічыцца адным з класічных узораў любоўна-рамантычнай і гісторыка-прыгодніцкай літаратуры. У гістарычным рамане-дэтэктыве паказаны яркія карціны жыцця людзей Шчучыншчыны. Распавядаецца пра ўзрушаючыя і трагічныя падзеі ў гэтым кутку беларускай зямлі, якія адбываліся ў ХIII-ХХ стст. Мажэйкаўская крэпасць, таямніцы незлічоных скарбаў якой разгадвае галоўны герой Сцяпан Батура, і Сынкавічская крэпасць у Зэльвенскім раёне з’яўляюцца як бы дзеючымі асобамі рамана. Займальны экскурс у далёкае мінулае Шчучыншчыны, каханне і каварства, бескарыслівае сяброўства і чалавечыя пачуцці – усё гэта выпала на долю герояў рамана, лёсы якіх выбудаваны на дакументальных фактах.

С давних времен привлекает внимание ученых, археологов, писателей Мурованковская, или Можейковская, церковь-крепость. Загадочного здесь много. И хотя отделены Сынковичская и Можейковская церкви друг от друга немалым расстоянием, они объединены своей необычной архитектурой и временем возведения. Схожи наружные украшения стен, фасады главной и западной башен, а также бойницы, готические узоры, ниши и фонарики. Невольно зародилось предположение: не принимали ли участия в построении этих церквей те же мастера, которые создали столь интересный памятник, как Мирский замок? И не приложили ли руку к строительству замка в Мурованке великий литовский князь Витовт? Как стало возможным, что и на Щучинщине выросло такое же величественное кирпичное здание? На какие скромные пожертвования была возведена такая величавая церковь, как это написано в выдержке из документа 1648 года” (Антонович, С.В. Призраки Можейковской крепости : исторический роман / Славомир Антонович. – Минск: Мастацкая лiтаратура, 2005. – 323,[2]с.).

У музеі Мірскага замка захоўваецца экзэмпляр рамана “Даниэль Штайн, переводчик” з дароўным надпісам аўтара – расійскай пісьменніцы Людмілы Уліцкай, які ў 2006 г. быў намініраваны на Міжнародную Букераўскую прэмію. Што звязвае яго з нашай Гродзеншчынай? Кніга Людмілы Уліцкай, хоць і з вялікай доляй вымысла, заснавана на рэальнай гісторыі жыцця Освальда Руфайзена – дваццацігадовага каталіцкага манаха-кармеліта, паляка яўрэйскага паходжання, які выжывае ў вайну толькі дзякуючы таму, што паспяхова выдае сябе за польскага немца. Вайна ломіць законы маралі: ён – свой чалавек у гестапа, партызан і… каталіцкі святар. Варта адзначыць, што ў кнізе няма мястэчка Мір, а ёсць горад Эмск, няма Освальда Руфайзена, а ёсць Даніэль Штайн, чыя біяграфія цесна злучана з Мірскім гета.Это было не обычное старинное гетто — один или несколько кварталов, где евреи обитали со времён Средневековья. В Эмске, наоборот, люди покинули свои дома в городе и перебрались в полуразрушенный замок, принадлежавший какому-то князю. Замок окружили колючей проволокой и поставили охрану.Так у кнізе Л.Уліцкая апісвае беларускае мястэчка Мір. Дзе ж пачынаецца дакументальная гісторыя героя Даніэля Штайна і чаму маленькі пасёлак Мір да вайны лічыўся іўдзейскім Оксфардам? (Улицкая, Л.Е. Даниэль Штайн, переводчик / Людмила Улицкая. – Москва : ЭКСМО, 2006. – 527с.).Выстава-прагляд “Цікава пра Гродна і Гродзеншчыну” адрасавана ўсім прыхільнікам мастацкай кнігі. Пералік аўтараў, чые творы злучаны Гродзеншчынай, займе не адну старонку. Прагляд ахоплівае творчасць сучасных і сталых творцаў слова, якія плённа працавалі і працуюць у розных жанрах – гістарычны раман, крымінальнае апавяданне, трылер, фэнтэзі, меладрама і інш. – і прама ці ўскосна ўздзейнічаюць на культуру і жыццё нашага краю.

Больш падрабязней пазнаёміцца з выставай-праглядам “Цікава пра Гродна і Гродзеншчыну” можна па адрасе: вул. Замкавая, 20, пак. № 9, абанементны аддзел.