У “Падарожжа па Беларусі” запрашае аддзел абанемента

У абанементным аддзеле Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага арганізаваны прагляд літаратуры “Падарожжа па Беларусі”.

Кнігі, прадстаўленыя на выставе, дапамогуць пазнаёміцца з сапраўднай прыгажосцю Беларусі, яе ландшафтам, маляўнічымі мясцінамі, старажытнай архітэктурай.

Непаўторнасць кожнага кутка беларускай зямлі, мноства гістарычных помнікаў і прыродных багаццяў, гасціннасць жыхароў – гэта тое, што робіць нашу краіну ўсё больш прывабнай для турыстаў. У раздзеле “Тэст-драйв па Беларусі” прадстаўлены багата ілюстраваныя фотаальбомы, даведачныя выданні (“Беларусь турыстычная”, “Беларусь приглашает гостей”, Локотко А.И “Маршруты белорусского туризма: историко-культурные ландшафты Беларуси”, Князеў В.М. “Падарожжа па Беларусі”, Сабін П. “Беларусь живописная” і інш.), якія заклікаюць у падарожжа па родным краі, расказваюць пра дасюль невядомае і дапамагаюць больш уважліва ставіцца да спадчыны, якая засталася нам ад продкаў.

Старадаўнія беларускія гарады – сапраўднымі сведкамі і ўдзельнікамі шматлікіх гістарычных падзей. Яны паўсталі ў далёкім мінулым і з’яўляюцца своеасаблівымі “музеямі”, дзе можна адчуць дух вечнасці і дакрануцца да сцюдзёных камянёў старажытных вежаў. Раздзел “Архітэктурная візітка гарадоў Беларусі” ўключае навукова-папулярную літаратуру з цікавымі звесткамі пра найпрыгажэйшыя мясціны: Полацк – найстаражытны горад Беларусі, які падарыў нам першадрукара Францыска Скарыну і святую падзвіжніцу Еўфрасінню Полацкую, Нясвіж – вотчыну самага вядомага беларускага шляхецкага роду князёў Радзівілаў, Слонім – “Паўночныя Афіны” і “Сядзіба муз”, як называлі яго ў мінулым, а таксама пра легендарную сталіцу ВКЛ Навагрудак, Мірскі замак і інш. (“Навагрудчына ў гісторыка-культурнай спадчыне Еўропы”, Локотко А.И “Архитектура Беларуси в европейском и мировом контексте”, Ткачев М.А. “Замки Беларуси” і інш.).

Гродна і Гродзеншчына займае асаблівае месца сярод культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. У вобласці вельмі шмат славутасцяў, многія з якіх значны для ўсёй краіны. Раздзел “Цікава пра Гродна і Гродзеншчыну” знаёміць з гістарычнымі манаграфіямі, выданнямі знакамітага гісторыка, краязнаўцы, публіцыста Віктра Саяпіна, прысвечаныя Гродна і яго жыхарам (“50 гродненских улиц: прогулки во времени”, “HronoГродно: история Гродно на страницах газет, 1913 – 1941 годы”, “Гродненские памятники и скульптуры” і інш.). Таксама можа зацікавіць новая кніга Руслана Кулевіча “Горад адзін, успаміны розныя”, на старонках якой змешчаны ўспаміны шаснаццаці жыхароў Гродна перыяду 1930-1940 гг., а таксама фотаздымкі з іх сямейных архіваў і выявы тагачаснага горада.

Арганізаваны прагляд “Падарожжа па Беларусі” адрасаваны ўсім, хто цікавіцца нашай роднай краінай. Запрашаем у абанементны аддзел па адрасе: вул. Замкавая, 20, п. №9.